У Вільнюсе ў беларускай гімназіі імя Францыска Скарыны за школьныя парты селі больш за 200 дзяцей

1 сентября 2017

Урачыстыя школьныя лінейкі сёння прайшлі не толькі ў беларускіх школах, але і ў вучняў за мяжой, якіх, дарэчы, з нашай краінай звязвае адна культура і мова. У Вільнюсе ў беларускай гімназіі імя Францыска Скарыны за школьныя парты селі больш за 200 дзяцей. Дарэчы, 1 верасня - свята тут традыцыйна вялікае і важнае. Павіншаваць гімназістаў з пачаткам новага навучальнага года прыязджае шмат гасцей, у тым ліку мецэнаты і прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса і, заўсёды абавязкова, з падарункамі. На першым уроку новага навучальнага года ў Вільнюсе пабываў і наш карэспандэнт Дзмітрый Смірноў.

За 23 гады свайго існавання з дзвярэй беларускай гімназіі ў Вільнюсе выйшлі дзясяткі таленавітых бізнесменаў, архітэктараў, урачоў, прызёраў спартыўных чэмпіянатаў і творчых людзей. Гэтым летам тут ушаноўвалі яшчэ 22 выпускнікоў, а сёння, 1 верасня, - новая школьная лінейка. Што характэрна, сувязь з роднай Беларуссю не проста дэкларуемая, былыя гімназісты часта становяцца студэнтамі менавіта беларускіх універсітэтаў.

Дзіяна Стахновіч, дырэктар беларускай гімназіі імя Францыска Скарыны г. Вільнюса: "Мы кожны год павялічваемся - у 2008 годзе ў гімназіі было 146 вучняў, у 2017 - 203 плюс 14. Яны могуць абраць любую еўрапейскую ВНУ, але там ім прыйдзецца плаціць за адукацыю, а ў беларускую ВНУ яны паступяць на бюджэт па праграме “Беларусы ў свеце”.

Аляксандр Кароль, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Літве: "Сумесна з Лідскай школай №4 у нас ёсць праект па трансмежным супрацоўніцтве і будзе ўзводзіцца вялікая прыбудова 2-павярховая, дзе будзе камфартабельная сталовая і вялікая прыгожая спартыўная зала ў нашай гімназіі. І мы рады, што штогод набор вучняў не памяншаецца, а павялічваецца".

Флагман айчыннай будаўнічай галіны - кампанія "МАПІД" і, як было агучана сёння, шэф гімназіі - таксама з віншаваннямі і падарункамі. Новыя партфелі - толькі для дзясятак.

Мікалай Мілашэўскі, генеральны дырэктар ААТ "МАПІД": "Бяром доўгатэрміновае шэфства над гэтай гімназіяй, гатовы летам у свой піянерскі лагер прыняць дзяцей, каб яны на беларускай зямлі, у Мінску, сябе адчулі на радзіме".

Дарэчы, беларускія інжынеры і будаўнікі ў сталіцу Літвы прыехалі не толькі на школьную лінейку. Ужо са студзеня яны тут будуюць, узводзяць, праектуюць. І ўсё гэта - эксклюзіўна.

"МАПІД" сёння - першая і пакуль адзіная кампанія з Беларусі, якая атрымала еўрапейскую ліцэнзію генеральнага падрадчыка. Інакш кажучы, гэты дазвол будаваць у краінах Еўрасаюза. Зараз беларускія спецыялісты тут, у Вільнюсе, вядуць 4 буйнамаштабныя аб'екты.

Гэта гасцінічны комплекс, жылы квартал у спальным раёне літоўскай сталіцы, рэканструкцыя 100-гадовага будынка і сумесны праект 5-зоркавага гатэля ў самым цэнтры, дзе заказчыкі, фіны, інжынірынгам займаюцца эстонцы, а будоўля беларуская.

Іван Хічэўскі, першы намеснік генеральнага дырэктара ААТ "МАПІД": "У нас ідуць шматлікія перамовы з патэнцыяльнымі кліентамі, з буйнымі забудоўшчыкамі як Літвы, так і Латвіі, і Эстоніі. Мы нароўні з еўрапейскімі кампаніямі ўдзельнічаем у тэндарах, да нас ставяцца сур'ёзна, таму што мы валодаем высокім патэнцыялам, тэхнічнай і кваліфікаванай рабочай сілай".

Усяго ў Вільнюсе зараз "вахтай" працуюць 160 беларускіх спецыялістаў.

Яўген Станюш, начальнік будаўнічых аб'ектаў ААТ "МАПІД" у г. Вільнюсе: "На гэтых аб'ектах мы выкарыстоўваем беларускія сухія сумесі, блокі беларускай вытворчасці. Гэтыя матэрыялы зусім не саступаюць еўрапейскім аналагам. Заказчыкі задаволеныя якасцю".

Аднак размова не толькі выключна аб будаўніцтве. Беларусы маюць намер дыверсіфікаваць мясцовыя пастаўкі будматэрыялаў.

Іван Хічэўскі, першы намеснік генеральнага дырэктара ААТ "МАПІД": "Мы плануем гарантаваць забеспячэнне будаўнічых аб'ектаў Прыбалтыкі жалезабетонам уласнай вытворчасці - ідзе працэс сертыфікацыі, і ў найбліжэйшы час спадзяёмся атрымаць допуск на еўрапейскі рынак".

Гэты эканамічны і лагістычны крок дазволіць МАПІДу і, адпаведна, Беларусі на парадак павялічыць аб'ём экспартных паслуг за мяжу. Такім чынам замацаваўшы айчынны брэнд у будаўнічай галіне Еўрасаюза. Паралельна з балтыйскімі краінамі перамовы ўжо вядуцца ў Польшчы і Славеніі.