У Вілейцы пасля маштабнай рэканструкцыі адкрылі гарадскі стадыён

26 октября 2017

На спартыўнай карце Мінскай вобласці з'явіўся новы аб'ект. Пасля маштабнай рэканструкцыі ў Вілейцы адкрылі гарадскі стадыён, які стане галоўнай арэнай для вучняў мясцовых спартыўных школ і месцам для адпачынку спартсменаў-аматараў. Там размясціліся футбольнае поле, зоны для заняткаў лёгкай атлетыкай і вялікі варкаўт-гарадок. Падрабязней - Аляксандра Кавеліч.

На старт, увага, марш! Бягун Раман Трубач упэўнены, хутка яго спартыўныя вынікі значна палепшацца. Рыхтавацца да сваёй кароннай дыстанцыі – стаметроўкі – чэмпіён Беларусі па лёгкай атлетыцы цяпер будзе на новай сучаснай пляцоўцы. Гарадскі стадыён у Вілейцы адкрылі пасля маштабнай рэканструкцыі.

Побач з лёгкаатлетамі трэніравацца будуць футбалісты. На полі замест газону паклалі трывалае пакрыццё, а для трэнераў і гульцоў усталявалі камфортныя месцы адпачынку.

Абноўлены стадыён стане галоўным спартыўным цэнтрам для многіх аматарскіх і прафесійных каманд. Трэніравацца тут змогуць не толькі футбалісты, а і гульцы ў баскетбол і валейбол. Для іх таксама абсталявалі сучасныя пляцоўкі.

Пры гэтым назіраць за спартыўнымі падзеямі тут змогуць больш за паўтысячы гледачоў. Запатрабаваны стадыён будзе і ўзімку. З надыходам маразоў зальюць лядовы каток.

Новыя спартыўныя аб’екты зараз рыхтуюць да адкрыцця і ў іншых гарадах сталічнага рэгіёна. Так, неўзабаве першых наведвальнікаў прыме вялікі фізкультурна-аздараўленчы комплекс у Валожыне.