У Вілейцы - маштабны турысцка-экскурсійны праект "Вуліцы нашага горада"

25 октября 2018

Па пешаходных сцяжынках. У Вілейцы - маштабны турысцка-экскурсійны праект "Вуліцы нашага горада". У пешаходнай карце – 10 маршрутаў і амаль 100 пазнавальных прыпынкаў з гісторыяй людзей, вуліц і будынкаў. Самы папулярны маршрут "Ад мястэчка да двара" быў адзначаны і ў рамках Міжнароднай турыстычнай выставы. Зараз ідзе запіс на дзіцячы маршрут "Восеньскі праменад" на час канікул. Падрабязнасці ў Наталлі Кезік.

Пра тое, што менавіта гэтая самая старажытная вуліца Вілейкі мяняла сваю назву ўжо восем разоў, школьнікі даведаліся толькі зараз. Вучні некалькі тыдняў таму запланавалі прагулку па самым папулярным экскурсійным маршруце "Вілейка ад мястэчка да двара". І нават дажджлівае надвор’е не спалохала юных слухачоў.

У праграме прагулкі некалькі кіламетраў пешшу і з дзясятак прыпынкаў каля знакавых гістарычных гарадскіх аб’ектаў. Звычайна працягласць пазнавальнай экскурсіі не больш за дзве гадзіны.

У дзесяці турыстычных маршрутах па Вілейцы – гісторыі людзей, вуліц, будынкаў, паркаў і сквераў. Усяго прыкладна сто пазнавальных прыпынкаў. Але большасць пешаходных прагулак пачынаецца менавіта з гэтага месца – плошчы Свабоды.

З папкай экскурсавода Вольга Коласава абышла кожны куточак роднай Вілейкі і дакладна ведае ўсе былыя і сучасныя назвы вуліц. Першыя экскурсійныя прагулкі па родным горадзе яна распрацавала 30 гадоў таму, як толькі прыйшла на працу ў краязнаўчы музей.

Правесці выхадныя ў прагулках спецыялісты прапануюць у старажытным вілейскім парку альбо наведаць хрысціянскія святыні горада. Пазнаёміцца з архітэктурнымі асаблівасцямі горада альбо адправіцца ў падарожжа да ракі Віліі. Усё часцей пешыя прагулкі па невялікім горадзе выбіраюць і замежныя турысты.

З надыходам канікул па горадзе экскурсаводы будуць ладзіць "Восеньскі праменад" - пешаходныя прагулкі для вучняў і настаўнікаў. Месца сустрэчы – прыступкі школы.