У Вяснянцы адкрылі новы дзіцячы сад

29 декабря 2015

Сучасныя гульнявыя пляцоўкі, спартыўная і музычныя залы, нават маленькі амфітэатр... У Вяснянцы адкрылі новы дзіцячы сад. Дашкольная ўстанова разлічана на сто месцаў. Дарэчы, аб'ект - экалагічны і энергаэфектыўны. Гэта сацыяльны праект славенскай кампаніі. Ён адпавядае ўсім еўрапейскім стандартам. На ўрачыстым адкрыцці пабывала і Наталля Кузьміцкая.

Экалагічны і энергаэфектыўны аб’ект - першы не толькі ў сталіцы, але і краіне. Дзіцячы сад, пабудаваны ўсяго за паўгода ў Цэнтральным раёне, хутчэй, падобны на забаўны цэнтр.

Бадай, галоўная асаблівасць новай дашкольнай установы - арганізацыя прасторы. Паўсюль вялікія вокны, белыя сцены, столь і падлога, якія павялічваюць памяшканне. Замест дзвярэй - рухомыя панэлі, дзякуючы якім дзве групы, пры неабходнасці, могуць лёгка ператварыцца ў адну.

Магчыма, такія канструктыўныя рашэнні і тэхналогіі будуць выкарыстоўвацца падчас праектавання і будаўніцтва новых дзіцячых садкоў у сталіцы.

Агледзець новую дашкольную ўстанову паспелі і яго выхаванцы. Двайняты Арына і Яраслаў першы раз у дзіцячым садзе. Аднак спакойна і камфортна адчуваюць сябе на новым месцы.

Дзякуючы архітэктурнай планіроўцы гульнявая трансфармуецца ў спальную зону, сталовую, з групы можна адразу выйсці на вуліцу - на дзіцячую пляцоўку.

Для ўсебаковага развіцця ў кожнай групе створаныя рэсурсныя цэнтры з разнастайнымі напрамкамі - спартыўнымі, этнаграфічнымі, турыстычнымі і пазнавальнымі.