У Вяснянцы распачалі лыжны сезон

11 января 2017

Траса да зімовага адпачынку і трэніровак гатовая. З прыгожымі відамі, стромкімі паваротамі, уздымамі і спускамі, ды яшчэ і ў цэнтры сталіцы яна падыходзіць як спартсменам, так і пачаткоўцам. Выпрабаваць класіку або каньковы ход на свежым паветры тут можа кожны, і прычым бясплатна, галоўнае жаданне. А яго ў беларусаў хапае. Да спорту ў нашай краіне стаўленне асаблівае, а прыхільнікаў здаровага ладу жыцця з кожным годам павялічваецца. Тым больш усе неабходныя ўмовы для гэтага створаныя. Пашанцавала зараз і з надвор'ем. Як па заказе - камфортны мінус і снег. Наш карэспандэнт Алена Гарэльчык упэўнілася: лыжны спорт - адзін з самых папулярных у Беларусі.

Уладзімір Васільевіч і Таццяна Аляксандраўна па лыжні бягуць роўна, з задавальненнем, абавязкова з усмешкай.

Лыжнікаў з вопытам выдае яркая чырвань на шчоках і добрая тэхніка. Раз на тры дні стабільна, як на працу, яны прыязджаюць на гэтую лыжаролерную трасу. Наразаючы кругі на свежым марозным паветры, зарабляюць пазітыўны настрой. На выхадных плануюць прыехаць сюды ўжо разам з сябрамі.

А гэта ўжо тыя, хто збіраецца стаць прафесіяналам. Студэнты ўніверсітэта фізкультуры на лыжаролернай трасе частыя госці. Трэніроўкі, спаборніцтвы, ды і ў вольны час не супраць правесці гадзінку-другую на свежым паветры і з карысцю.

Гэтыя дзяўчаты ў адрозненне ад юнакоў нікуды не спяшаюцца. Па лыжні не бягуць, ідуць спакойна. Спяшацца няма сэнсу, таму што трасай усе ахвотнікі карыстаюцца цалкам бясплатна.

Дзяржаўная палітыка Беларусі, як вядома, накіраваная на стымуляванне да заняткаў фізічнай культурай. Людзі прывыклі, што ў цэнтры сталіцы ў іх заўсёды ёсць магчымасць стаць на лыжы. Дазволіла б надвор'е.

Траса, прыдатная для ўсіх. Гэта меркаванне не толькі аматараў, але і прафесіяналаў. Прыйсці сюды можна раніцай, днём і ўвечар. Калі садзіцца сонца, уключаецца асвятленне.

Такі аб'ём працы выконваецца звычайна за два тыдні, гэтым разам спецыялісты зладзіліся за тыдзень: пакуль трымаліся маразы, працавалі круглыя суткі. Канстанцін Каліноўскі прызнаецца: за гэтыя сем дзён спаў некалькі гадзін на суткі, толькі сёння расстаўся з тыднёвым шчаціннем. Ён дапамагаў у халады.

Пакуль на вуліцы мінус 8, але траса ў Вяснянцы не баіцца нават плюс пяці. Дастатковая падушка - 60-70 сантыметраў у глыбіню - дазволіць пратрымацца лыжні аж да красавіка. Усё дзякуючы вось гэтым гарматам - яны стваралі снег, які тут жа развозіўся па пяцікіламетровай трасе і ўтрамбоўваўся ратракамі.

Адсутнасць лыж ва ўласнасці для аматараў пракаціцца па лыжні ў Вяснянцы не прысуд. Узяць напракат можна за 5 рублёў за гадзіну, памеры ад 32 да 43. Лыжы, як нас засведчылі, выдатнай якасці.