У Вялікую пятніцу ўспамінаюць асуджэнне Хрыста на смерць і яго пакуты на крыжы

14 апреля 2017

Сёння хрысціяне перажываюць самы журботны і самы строгі дзень Перадвелікоднага тыдня. У Вялікую пятніцу ўспамінаюць асуджэнне Хрыста на смерць і яго пакуты на крыжы. У праваслаўных храмах і касцёлах чытаюцца 12 евангельскіх урыўкаў, сярод якіх - аб арышце Ісуса ў Гефсіманскім садзе, аб трохразовым адрачэнні Пятра, аб размове Хрыста з Пілатам і аб судзе Пілата, аб распяцці Збавіцеля, яго смерці на крыжы і яго пахаванні. У цэнтры набажэнстваў дня глыбокае шанаванне плашчаніцы - вялікага плата з выявай Хрыста ў гробе. Плашчаніцу выносяць з алтара і ўсталёўваюць у цэнтры храма. Яе ўпрыгожваюць кветкамі, на сярэдзіну кладуць Евангелле. Вернікі пакланяюцца гэтаму сімвалу.

Асаблівы чын Вялікай пятніцы - вынас плашчаніцы і хрэсны ход. Сёння - дзень строгага посту. Хрысціянам дазволеныя толькі хлеб і вада. У Перадвелікодную пятніцу вернікі просяць прабачэння і дзякуюць Ісусу за яго духоўны подзвіг у імя людзей.