У цырымоніі сустрэчы "Полымя міру" ў сталіцы будуць задзейнічаныя больш як 2 тысячы чалавек

16 июня 2019
З галоўным сімвалам II Еўрапейскіх гульняў - "Полымем міру" - нашы калегі падарожнічаюць ужо не першы тыдзень. Так, яно ўсё бліжэй і бліжэй да Мінска. На гэтым тыдні факеланосцы пранеслі палаючы сімвал  II Еўрапейскіх гульняў, запалены ў Рыме, праз усю Мінскую вобласць. Агонь пабываў у калійных шахтах Салігорска, у цэхах БелАЗа, у Нясвіжскім замку.

А ўжо заўтра ўвечары мы сустрэнем "Полымя міру" ў сталіцы. З гэтай нагоды на плошчы Дзяржаўнага флага пройдзе ўрачыстая цырымонія сустрэчы эстафеты агню. Свята абяцае быць па-сапраўднаму маштабным. У цырымоніі будуць задзейнічаныя больш як 2  тысячы чалавек. У іх ліку - атлеты, якія прадставяць нашу краіну на спаборніцтвах, алімпійскія чэмпіёны розных гадоў, артысты і валанцёры. 

Надзея Сербіненка эксклюзіўна ў "Галоўным эфіры" раскрые некаторыя сакрэты падрыхтоўкі да цырымоніі за суткі да прыбыцця "Полымя міру".

Плошча Дзяржаўнага флага - гэта вядомы цэнтр Беларусі, адпраўны пункт у розныя куткі краіны. Тут праходзяць найважнейшыя дзяржаўныя мерапрыемствы. А ўбачыць плошчу здалёку можна дзякуючы 70-метровай стэле, якую вянчае вялізных памераў флаг Беларусі. 

І менавіта сюды прыбудзе "Полымя міру",  запаленае ў Рыме, пранесенае праз усю Еўропу і шэсць абласцей Беларусі. Сустракаць факел у Мінску будзем са сталічным размахам. У цырымоніі на плошчы Дзяржаўнага флага будуць задзейнічаныя дзве тысячы чалавек. Гэта танцавальныя і вакальныя калектывы з розных гарадоў, топавыя беларускія выканаўцы. 

Кіруюць такой колькасцю людзей адразу некалькі рэжысёраў. "Беларусь 5" будзе трансліраваць цырымонію ў рэальным часе, а "Беларусь 24" пакажа тэлеверсію на наступны дзень.

Нароўні з дарослымі артыстамі ў цырымоніі прымуць удзел і маленькія танцоры. Узрост гэтых 8-10-12 гадоў.

Галоўную кампазіцыю вечара - "Полымя міру" - выканае Іван Вабішчэвіч і 11-гадовая Ксенія Галецкая. Яна ж прадставіць Беларусь у дзіцячым конкурсе "Славянскага базару". 

Сустрэць "Полымя міру" ў сталіцы даручылі самым услаўленым беларусам: спартсменам, якія не раз абаранялі гонар краіны на Алімпіядах. У іх ліку - Герой Беларусі Дар'я Домрачава, дэпутат і вясляр Аляксандр Багдановіч, трохразовы алімпійскі чэмпіён Аляксандр Мядзведзь, а таксама чэмпіёнка Еўропы ў марафоне Вольга Мазуронак. 

Ужо заўтра ўвечары "Полымя міру" прыбудзе ў Мінск. А завершыцца эстафета 21 чэрвеня на алімпійскім стадыёне "Дынама". Арганізатары ўсіх сакрэтаў цырымоніі не раскрываюць, але сёе-тое ўжо вядома. У сцэнарыі асаблівую ўвагу нададуць гістарычнай спадчыне Беларусі - успомняць імёны Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Еўфрасінні Полацкай і Францыска Скарыны. Хэдлайнеры - оперная дзіва Ганна Нятрэбка і казахскі спявак Дымаш Кудайбергенаў.

А каб максімальна ажывіць цырымонію на "Дынама "і залучыць гледачоў у працэс шоу, выпушчаны дадатак дапоўненай рэальнасці. Пасля запампоўкі ў патрэбны момант шоу на экране смартфона з'явіцца пэўны эпізод дапоўненай рэальнасці. Які - пакуль у сакрэце. Але вядома, што ўсе яркія моманты трапяць і ў эфір тэлевізійных трансляцый.