У цэнтры Слуцка знойдзена больш за паўтысячы артэфактаў XI-XIII стагоддзяў

12 декабря 2016

Сенсацыйная знаходка беларускіх археолагаў!  У цэнтры Слуцка, горада, дзе ў XVI стагоддзі з'явілася адно са славутых Евангелляў і дзе абарону ад крымскіх татар гераічна ўзначаліла Анастасія Слуцкая, на старажытным гарадзішчы  падчас раскопак знойдзена больш за паўтысячы артэфактаў XI-XIII стагоддзяў. І як гістарычны эксклюзіў - цэлая ювелірная майстэрня, аналагаў якой няма нідзе на нашых тэрыторыях.

На месцы  ўнікальных раскопак пабывала Наталля Бардзілоўская.

Самі случчане наўрад ці здагадваліся, што рэканструкцыя іх гарадскога Дома культуры прывядзе да археалагічнай сенсацыі. Будаўнічыя работы па пракладцы інжынерных камунікацый ператварыліся ў сапраўдныя гістарычныя раскопкі. У верасні, калі рабочыя сталі пракладваць сантэхнічныя трубы пад зямлёй, на глыбіні да чатырох метраў і на плошчы шасці квадратных метраў былі знойдзеныя нечаканыя артэфакты. Да раскопак падключыліся навукоўцы і пацвердзілі, што  знаходкі  - фрагменты вулічнай маставой і некалькіх іншых пабудоў  вышынёй ад 4 да 5 вянкоў. Усе часоў XI-XIII  стагоддзяў.  

Археалагічныя раскопкі  абарончага характару. Іх мэта не столькі цікавасць, колькі выратаванне ўсяго, што можа знаходзіцца пад зямлёй. Захаваць жа атрымліваецца не ўсё. Напрыклад, дубовыя бярвенні - падмурак старажытнага жылля. Ім каля 800 гадоў, іх трэба вывучаць і зберагаць, але яны апынуліся на сметніку. Зрэшты, у Слуцкага гасцінца – так называецца старадаўняе гарадзішча – не самы шчаслівы лёс. Яшчэ ў 80-х гадах мінулага стагоддзя мясцовыя ўлады не глядзелі на закон, які забараняў любыя работы на помніках археалогіі, актыўна забудоўвалі.

І ўсё ж скарбонка сёлетніх знаходак немалая. Археолаг Леанід Калядзінскі дэманструе нам больш за 400 прадметаў самага рознага прызначэння: вырабы з каляровага металу, шкла, косці, скуры, побытавыя прыстасаванні, прылады працы, упрыгажэнні. Зрэшты, самае важнае адкрыццё: знойдзены з тры дзясяткі ювелірных вырабаў.

Случчанкі XII стагоддзя любілі прыбірацца не менш, чым нашы сучасніцы. Пра гэта сведчыць вось гэта сапраўдная скарбонка. Бранзалеты, пярсцёнкі, а вось гэта колты -  сярэбраныя з пазалотай вырабы, якія жанчыны насілі на галаўных уборах.

Не толькі самі ўпрыгажэнні, але і прыстасаванні да іх вытворчасці: тыгель, матрыца, сярэбраны дроцік, ножычак, тачыльныя брускі...

Леанід Калядзінскі, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі: “Гэта цалкам нас пераканала, што гэта вырабы не прывазныя, а мясцовыя. І мы смела можам казаць, што ў Слуцку існавала свая высокамастацая ювелірная вытворчасць. Гэта важнае адкрыццё. Да гэтага ювелірная майстэрня была вядома толькі ў старажытным  Навагрудку і таксама  датавалася XII-XIII стагоддзем. А гэта  другая пабудова такога значэння”.

Большасць знаходак зараз у апрацоўцы - ачышчэнне ад карозіі, пакрыццё спецыяльным кансервантам. Потым іх сфатаграфуюць і ўнясуць у навуковы спіс. Самі вырабы будуць захоўвацца ў Музеі старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук.