У цэнтры горада на Нёмане пачало курсіраваць воднае таксі

2 июня 2018

Знакамітыя мясціны Гродна з незвычайнага ракурсу цяпер могуць убачыць усе, хто жадае. У цэнтры горада на Нёмане пачало курсіраваць воднае таксі. Пасажырам абяцаюць маляўнічыя краявіды старога і новага замкаў, Каложскай царквы, Драматычнага тэатра і шматлікіх старажытных касцёлаў. Праект рэалізаваны мясцовымі прадпрымальнікамі дзякуючы бязвізавым магчымасцям у абласным цэнтры. Менавіта замежныя госці выказвалі пажаданні такога воднага падарожжа.

Юрый Карняловіч ацаніў незвычайны турыстычны маршрут. Яшчэ некалькі дзён таму здзейсніць воднае падарожжа па Нёмане ў Гродне можна было на адзіным цеплаходзе. Аднак з наплывам бязвізавых турыстаў апошні не мог задаволіць усіх ахвотнікаў. Выйсце з такой сітуацыі знайшлі мясцовыя прадпрымальнікі. Маладыя людзі рэалізавалі ідэю воднага таксі, якую падгледзелі ў суседняй Літве.

Каб быць больш манеўранымі і дайсці па вадзе да тых мясцін, куды вялікі цеплаход не дабярэцца, гродзенскія прадпрымальнікі набылі невялікія катары-катамараны. На борт яны адначасова могуць прыняць да 15-ці пасажыраў.

Першых пасажыраў доўга чакаць не прыйшлося. Сям’я Кушнірэнка з далёкага Новасібірска ў Гродна прыехала ўпершыню. Прызнаюцца: ведалі пра багатую гісторыю каралеўскага горада і даўно марылі пазнаёміцца з унікальнымі помнікамі архітэктуры. А адпачываючы на беразе Нёмана, проста не маглі не зрабіць воднае падарожжа.

За дзень, прызнаецца капітан катара, можна зрабіць больш за дзесятак рэйсаў. Пры гэтым пераважная большасць пасажыраў – менавіта замежныя турысты.

Водныя турыстычныя маршруты для Гродна вельмі перспектыўны кірунак. Па Нёмане можна дайсці да суседняй Літвы. А гэта ўжо міжнародныя перавозкі. Мясцовыя прадпрымальнікі маюць намер у найбліжэйшы час асвоіць такія падарожжы.

У планах уласнікаў воднага таксі адкрыць новы маршрут з Гродна на Аўгустоўскі канал. Зараз вывучаецца попыт сярод турыстаў. І калі ахвотнікаў здзейсніць такое падарожжа будзе шмат, такія рэйсы могуць быць адкрыты штодзень.

Да наплыву водных турыстаў рыхтуюцца і базы адпачынку на Нёмане. Многія ўжо будуюць пірсы, ствараецца адпаведная інфраструктура.

Усё гэта планы на найбліжэйшую перспектыву. Як мяркуюць спецыялісты, ужо ў наступным летнім сезоне Нёман стане сапраўдным водным турыстычным маршрутам для гасцей з-за мяжы.