У Цэнтральнай раённай паліклініцы № 6 Мінска праходзяць лячэнне больш за 30 тысяч чалавек

2 июня 2022

Сталічнай шостай паліклініцы 75 гадоў! Сёння гэта шматпрофільная лячэбная ўстанова, у якой аказваюць  кваліфікаваную меддапамогу па дваццаці чатырох спецыялізацыях. Пасля капітальнага рамонту значна абнавілася інфраструктура клінікі, тэхнічная база, з'явіліся новыя кабінеты для заняткаў ЛФК, а таксама сучасныя зоны водалячэння. Усё гэта спрыяе павышэнню якасці абслугоўвання пацыентаў. 

Сапраўдны брэнд паліклінікі - калектыў медыкаў, урачоў, медсясцёр, адданых сваёй справе і прызванню дапамагаць людзям. Падзякі і ўзнагароды яны атрымалі падчас урачыстага вечара ў гонар юбілею паліклінікі. Ілья Цвяткоў пра тое, як у 75 працуюць на ўсе 100! 

Вуліца Варашылава, Ульянаўская, 32 і нарэшце - Ульянаўская, дом 5. 6-я сталічная паліклініка змяніла не адзін адрас прапіскі. Адкрылася ўстанова аховы здароўя ў далёкім 1947 годзе і стала адным з галоўных медыцынскіх цэнтраў пасляваеннага Мінска. Сёлета ўжо сучаснай шматпрофільнай клініцы 75. Яе гонарам былі і застаюцца адданыя сваёй справе спецыялісты-прафесіяналы. 

Сярод іх і медсястра Людміла Ішчанка. Працуе ў гэтай паліклініцы 55 гадоў. Раней загадвала ўсім сястрынскім калектывам, цяпер выкарыстоўвае свой велізарны вопыт у кабінеце ўльтрагукавога даследавання. 

Сёння ў штаце паліклінікі 270 спецыялістаў. З-за асаблівасцяў размяшчэння (у цэнтры горада) лячэбная ўстанова абслугоўвае пацыентаў не толькі з Ленінскага, але і суседніх раёнаў сталіцы. Пасля капітальнага рамонту абнавілася інфраструктура і аснашчэнне кабінетаў. На базе клінікі пачалі працаваць раённыя ўралагічны і кардыялагічны цэнтры і кабінет анколага, з'явілася новае дыягнастычнае абсталяванне. Камфорт і зручнасць адразу ацанілі і пацыенты.

Значна абнавіліся і кабінеты для заняткаў ЛФК, комплекс водалячэння. Зараз для пацыентаў даступныя сеансы кантрастнага душа Шарко і іншыя аквапрацэдуры, як у прафілакторыi самага высокага класа.

Тэхнічны апгрэйд прайшоў на высокім узроўні. Цяпер гэта не проста клініка, але комплекс аказання паслуг - тут можна не толькі прайсці курс лячэння, але і аднавіцца пасля хвароб ці проста набраць добрую фізічную форму ў новай спартыўнай зале з сучаснымі трэнажорамі.

Гісторыя дапамогі пацыентам у лячэнні самых цяжкіх захворванняў складвалася тут на працягу 75 гадоў з прафесіяналізму і самааддачы ўрачоў і медыцынскіх сясцёр. Усе яны атрымалі падзякі, заслужаныя ўзнагароды і памятныя дыпломы падчас святочнага канцэрта ў гонар юбілею паліклінікі. 

Паліклініка № 6 - шматпрофільная лячэбная ўстанова, у якой аказваюць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу па 24-х медыцынскіх напрамках. Сярод кваліфікаваных медыкаў - дынастыі прафесіяналаў сваёй справы, якія і далей будуць уважліва ставіцца да кожнага пацыента, каб дапамагчы захаваць самае каштоўнае -  здароўе.