У цэнтральным рэгіёне адкрыты сезон збору карысных ягад і грыбоў

25 сентября 2015

Хтосьці проста робіць запасы на зіму, а для некаторых жыхароў сталічнага рэгіёна збор дароў лесу – гэта яшчэ і нядрэнны заробак. Сёння раённыя спажывецкія кааперацыі прымаюць баравікі і іншыя восеньскія грыбы, а таксама журавіны. Ад 18 да 22 тысяч рублёў за кілаграм. Антаніна Станкевіч высвятляла, хто і як зарабляе на лясных падарунках і нават сабрала свой першы ягадны ўраджай.

Па такім балоце, як зараз, хадзіць адно задавальненне – нават гумовыя боты не патрэбныя. Спякотнае лета падсушыла ўсю вільгаць, але на ўраджайнасць журавін гэта ніяк не паўплывала. Калі прыгледзецца, балоты ў Крупскім раёне - нібы пакрытыя чырвоным дываном.

Сяброўкі Людміла і Ніна, бухгалтары па прафесіі, добра ведаюць ісціну: капейка да капейкі – хутка рубель назбіраецца. Восенню жанчыны пераўвасабляюцца ў заўзятых ягаднікаў. Кожную вольную хвілінку прыбягаюць сюды – на балота. Кошык журавін - і сям’я забяспечана на зіму карысным варэннем і морсам. А лішак ягад можна здаць – дадатковыя грошы будуць дарэчы.

Як раз 10 дзён таму у большасці раёнаў цэнтральнага рэгіёна адмянілі забарону на наведванне лясоў. Так што, збор ягад цалкам легальны. Ніякіх абмежаванняў няма – збіраць можна, колькі душа пажадае. Галоўнае – умець гэта рабіць.

Сёння журавіны ахвотна прымаюць прадпрыемствы спажыўкааперацыі. За кілаграм даюць ад 18 да 22 тысяч. Прыёмныя пункты ёсць амаль што ў кожным сельскім магазіне. Разлік адразу ж на месцы.

Нарыхтоўчыя пункты адпраўляюць сыравіну на перапрацоўчыя прадпрыемствы. Там ягады пераўтвараюць у джэмы, кампоты, сокі, пюрэ… Частка ідзе на экспарт: беларускія журавіны – жаданы ласунак на рынках Расіі, Украіны, Польшчы і Прыбалтыкі.