У цэнтральным рэгіёне адкрыты сезон палявання на вадаплаўных птушак

11 апреля 2015

На прымеце ў паляўнічых – качка, гусь і вальдшнэп. Зараз палююць з дапамогай падсаднай качкі – страляць птушку можна толькі на вадзе.

Антаніна Станкевіч адправілася на сваё першае ў жыцці паляванне. Стрэлкі гадзінніка ледзь перасягнулі за 7 раніцы, але на вуліцы ўжо светла, як днём. Вопытныя паляўнічыя папярэджваюць: птушкі разляцеліся, чакаць прыйдзецца доўга. Але ніхто не абяцаў, што будзе лёгка.

Паляванне на падсадную качку – гэта цэлая навука і стратэгія. Праўда, Тася ужо прывыкла да такіх эксперыментаў. Спакойна дае прывязаць сябе за лапку і нават паспявае знесці яйка. Калі не атрымаецца падстрэліць качара – зробім амлет – жартуюць паляўнічыя.

Качку запускаюць на ваду. Там Тася пачынае чысціць пер’е і мыцца – адным словам – наводзіць прыгажосць перад спатканнем.

Наша задача – схавацца ў невялічкім шалашы ці, як кажуць прафесіяналы, у скрадку. Ен абсталяваны ў прыбярэжным зарасніку вярбы – качар птушка зоркая і пужлівая.

Зараз наша задача сядзець тут і чакаць. Калі пашанцуе – прадоўжыцца ўсе гэта не больш чым паўгадзіны, але фартуна – рэч непрадказальная. А таму зараз трэба быць цярплівымі і галоўнае – каб было ціха.