У цэнтральным рэгіёне адкрыўся сезон масавай падлёднай рыбалкі

11 января 2016

Зараз амаль на ўсіх рэках і азёрах Мінскай вобласці даволі трывалы лёд, але асцярожнасць у такой справе не пашкодзіць. Парады ад прафесіяналаў, як паводзіць сябе на лёдзе, - у Антаніны Станкевіч.

Блакітна-шэры лёд на Вілейскім вадасховішчы – прыкмета таго, што таўшчыня покрыва тут усталявалася даволі бяспечная – ад 25 да 30 сантыметраў. А значыць, рыбачыць можна амаль што без усялякіх перашкод. Аднак кожнае вадасховішча патрабуе індывідуальнага падыходу – ва ўсіх сэнсах. Некаторыя прыкметы падкажуць рыбаку, ці варта рызыкаваць жыццём.

Забараняецца лавіць рыбу ўначы: ва ўмовах абмежаванай бачнасці непрыемнасці здараюцца куды часцей. Ратавальнікі яшчэ не забыліся на леташні выпадак: тры чалавекі ноччу апынуліся ў водным палоне. Вялікі кавалак лёду адламаўся, і рыбакі аказаліся адрэзанымі ад вялікай зямлі.

Зараз выратавальныя брыгады пільна сочаць за ўсімі афіцыйнымі пляжамі цэнтральнага рэгіёна. Стацыянарныя пункты абсталяваныя ўсім неабходным. І галоўнае: на кожным працуюць прафесійныя вадалазы-ратавальнікі. Акрамя таго, нясуць варту і супрацоўнікі МНС. Такія меры даюць станоўчыя вынікі: у вобласці няшчасных выпадкаў пакуль што не зафіксавана.

Небяспечным покрыва на вадаёмах становіцца, калі на працягу двух-трох дзён на вуліцы трымаецца плюсавая тэмпература. У такіх выпадках лёд страчвае прыкладна 25-30% трываласці. А значыць, перш чым выйсці на такую паверхню, трэба не адзін раз падумаць, ці варта рызыкаваць нават дзеля самага багатага ўлову.