У Благаўшчыне паводле афіцыйных звестак загінулі да 150 тысяч чалавек

29 июня 2018

У Трасцянцы былі знішчаныя сотні тысяч яўрэяў, прывезеных сюды з усёй Еўропы. У Благаўшчыне, толькі паводле афіцыйных звестак, загінулі да 150 тысяч чалавек. Рэпартаж Наталлі Бардзілоўскай.

Апошні шлях людзей розных нацыянальнасцяў і веравызнання: яўрэяў, дэпартаваных з краін Заходняй Еўропы, вязняў Мінскага гета, падпольшчыкаў і партызан, якія ўтрымліваліся ў Мінскай турме, і іншых людзей, якія тым ці іншым чынам трапілі ў кола фашысцкай нянавісці, - архітэктурнымі і ландшафтнымі сродкамі перадае сучасніку мемарыял “Благаўшчына”.

34 равы, пасыпаныя буйным друзам, гранітныя пліты без надпісаў. Гэта могілкі Благаўшчыны. Замест агароджы тут больш за дзясятак пілонаў. На ўлонні жывога лесу яны – сімвалы спаленых дрэў, тут расстраляныя 150 тысяч чалавек. На могілкавых газонах архітэктары з Мінскпраекта прадумалі і высадку маленькіх дрэўцаў. Бярозы, рабіны, клёны нібы сімвалізуюць працяг жыцця.

Могілкі - апошні пункт мемарыяла. І наведвальнік трапляе сюды не адразу. Каб настроіць сябе маральна і падрыхтаваць фізічна да сустрэчы з гэтым месцам, трэба прайсці сотні метраў. «Апошні шлях» - гэта Белая плошча – як сімвал надзеі на выратаванне. Чырвоная - крык душы аб жахах вайны, і Чорная - як адчай, мяжа паміж жыццём і смерцю. Паміж сабой пляцоўкі аб'яднаныя шэрымі вагончыкамі, у вокнах якіх сёння чырванеюць свежыя гваздзікі. Бетонныя прыступкі рознай вышыні і вострае брукаванне зробіць крокі няхуткімі.

Парк на 70 гектараў па шашы Мінск - Магілёў – урочышча Благаўшчына для архітэктараў і будаўнікоў сёння здадзеная другая чарга, аб'ект, які будзе яшчэ адшліфоўвацца, папаўняцца скульптурамі і які з’яўляецца працягам адкрытага некалькі гадоў таму манумента «Брама памяці». Месцы масавых катаванняў і забойстваў часоў Вялікай Айчыннай - важныя ў сямейным летапісе многіх людзей і цэлых краін.