У цяпліцах на ўскраіне Оршы ведаюць рэцэпт прыгожага букета

7 марта 2019

Напярэдадні 8 Сакавіка кветкавыя магазіны напаўняюцца цюльпанамі, ружамі, цыкламенамі. Калі палічыць па краіне, то вытворцы святочнай прадукцыі  нарыхтавалі да Міжнароднага жаночага дня парадку 1,5 мільёна кветак. Менавіта на пачатак сакавіка прыпадае гадавы пік продажаў. Але мала хто ведае, што падрыхтоўка да вясновага свята пачынаецца яшчэ ў пачатку зімы. Рэцэпт прыгожага букета - у рэпартажы Вольгі Маслоўскай.

Вечнае сонца і не ніжэй за +18. Вось рэцэпт добрага настрою, дакладней, падарунку, які ўпрыгожыць нават самы непагодлівы дзень. Аазіс на ўскраіне Оршы - сучасны мультыфункцыянальны вытворчы комплекс, дзе ў прамысловых маштабах вырошчваюць галоўны атрыбут 8 Сакавіка - кветкі. Толькі цюльпанаў у цяпліцах 7 гатункаў: ружова-фіялетавыя "Барселона", белыя "Альбатрос" і "Герандзі" - чырвоныя з буйнымі бутонамі. Першую 8-сакавіцкую кветку знялі 20 лютага. Каб бутон заставаўся свежым, цюльпан яшчэ некаторы час захоўваюць на цыбуліне і зразаюць яго толькі перад адпраўкай да пакупнікоў. 

За тыдзень да 8 Сакавіка кветкі з аршанскіх цяпліц адпраўляюцца ў падарожжа па Беларусі і Расіі. Суседзі ацанілі якасць прадукцыі. Санкт-Пецярбург, Масква, а летась 150 тысяч аршанскіх цюльпанаў упрыгожылі свята жыхарак Архангельска. 

У адрозненне ад садовых цюльпанаў, якія заквітнеюць і на наступны год, цяплічныя расліны выкарыстоўваюць усяго адзін раз. Ужо ў маі вытворца робіць заказ на новыя цыбуліны. А вось настрой ружы спрагназаваць значна больш складана. 

У цяпліцах з ружамі сапраўдныя тропікі: +28 і вільготна. Кветку вырошчваюць на мінеральнай ваце, таварную ружу здымаюць уручную, а калібруе і пакуе машына. 

У комплексе працуюць 50 чалавек, і ў іх заўсёды добры настрой. Яшчэ б, бо сезоннай дэпрэсіі, хай і пад штучным сонцам, не бывае. Праца карпатлівая і ў асноўным жаночая. 

І тут ніколі не пагодзяцца з тым, што кветкі ў дзень 8 Сакавіка - збіты штамп, бо ўявіць гэтае свята без падоранага з любоўю букета немагчыма!