У тэхнапарку з'явяцца 3D-прынтары новага пакалення

21 февраля 2017

Надрукаваць посуд або нават дом у фармаце 3D - у тэхнапарку БНТУ інжынеры працуюць над новымі суперздольнасцямі прынтараў. Зараз тут наладжваюць іх масавую вытворчасць для школ і ўніверсітэтаў краіны. Наступная ж версія 3D-прынтара зможа вымалёўваць кандытарскія прысмакі або нават бетонныя будынкі. З магчымасцямі найноўшай тэхнікі пазнаёміўся Ян Пашкевіч.

Ад кручкоў для адзення да посуду - Аляксей Гаўрыльчык жартуе, што яго універсальныя міні-заводы пластмасавых вырабаў хутка заменяць сабой усе галіны прамысловасці. За некалькі гадоў распрацоўшчык тройчы рабіў апгрэйд свайго 3D-прынтара. Апошняя версія стане першай, якая трапіць у серыйную вытворчасць.

З віртуальнай прасторы ў рэальную механічны скульптар можа пераносіць ручкі для дзвярэй, рамкі для фотаздымкаў і іншыя неабходныя рэчы. Каб высветліць трываласць такіх дэталяў, распрацоўшчыкі нават правялі краш-тэсты.

Найноўшай тэхнікай у БНТУ плануюць абсталяваць школы і іншыя ўніверсітэты краіны, каб іх навучэнцы ўжо зараз асвойвалі перспектыўны 3D-друк. Да наступнага года тут плануюць выпускаць да паўсотні трохмерных прынтараў за месяц.

Акрамя таго, інжынеры навучылі трохмерны друкарскі станок працаваць і з іншымі творчымі матэрыяламі.

Гэта адна з апошніх распрацовак маладых інжынераў - такая тэхніка можа ствараць смачныя дэкарацыі з мармеладу, сыру, крэму або шакаладу. Дарэчы, дэталяў для такога прынтара ў магазіне не купіш - іх таксама прыйшлося надрукаваць.

Хутка ж у тэхнапарку з'явяцца і 3D-прынтары наступнага пакалення.

У будучым больш маштабная мадэль такога механічнага 3D-друкара зможа будаваць і невялікія дамы. Бетонныя чарнілы для эксперыментальнай мадэлі таксама распрацоўваюць студэнты.