У Ташкенце з'явілася вуліца імя Якуба Коласа

24 августа 2018

Сёння ў сталіцы Узбекістана прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця бюста народнага паэта Беларусі. Класік жыў тут і займаўся творчасцю ў пачатку 40-х гадоў. Бюст усталяваны за Дзяржаўным музеем мастацтваў, побач з манументам размяшчаецца і аднайменная вуліца. З беларускага боку ў цырымоніі адкрыцця прыняў удзел намеснік прэм'ер-міністра Міхаіл Русы, з узбекскага - віцэ-прэм'ер Надыр Атажонаў.

Гэта толькі штрых да карціны двухбаковых кантактаў. Паміж краінамі чвэрць стагоддзя дыпадносін. Сёлета адкрыта паўнавартаснае пасольства Узбекістана ў Мінску.

Пра тое, што Беларусь мае намер максімальна хутка развіваць дыялог з Узбекістанам, Аляксандр Лукашэнка гаварыў восенню на сустрэчы са сваім калегам Шаўкатам Мірзіёевым у Сочы і пазней на палях саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Прычым развіваць па ўсіх кірунках.

Наша краіна гатовая да актыўных дзеянняў у гандлёва-эканамічнай сферы. Тавараабарот паміж Беларуссю і Узбекістанам расце, але відавочна не адпавядае патэнцыялу Мінска і Ташкента. Львіную долю беларускага экспарту ў гэтую краіну складаюць трактары, сельгасмашыны, дарожная і будаўнічая тэхніка. Ва Узбекістане адкрыты першыя зборачныя вытворчасці - "Амкадора" і Бабруйскаграмаша. А ў найбліжэйшы час з'явяцца завод па выпуску дарожна-будаўнічай тэхнікі і вытворчасць зернесушыльных комплексаў. Менавіта паглыбленне прамкааперацыі - ініцыятыва прэзідэнтаў дзвюх краін. Каб узмацніць узаемадзеянне, лідары маюць намер грунтоўна пагаварыць асабіста. На гэты год запланаваны афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі ва Узбекістан.