У сувязі з рэзкім пахаладаннем рэкордна рана пачаўся абагравальны сезон

28 сентября 2019

Жыхары сталіцы на гэтым тыдні адчулі халодны подых зімы. У аўторак слупкі тэрмометраў у Мінску абнавілі гістарычны мінімум – мінус 3 градусы. У сувязі з рэзкім пахаладаннем рэкордна рана пачаўся абагравальны сезон. Ужо сёння батарэі працуюць ва ўсіх спажыўцоў. Якая тэмпература павінна быць у кватэры пры ўключаным ацяпленні і куды звяртацца пры ўзнікненні аварыйных сітуацый – раскажа Наталля Кузьміцкая.

Зіма блізка і гэта не слоган папулярнага серыяла, а думкі, з якімі ў аўторак выйшлі на вуліцу жыхары сталіцы. Некаторыя аўтаўладальнікі нават дабіраліся да працы даўжэй - прыйшлося чысціць лабавое шкло ад інею. Слупкі тэрмометра апусціліся да мінус 3. І гэта новы тэмпературны рэкорд. Да гэтага самыя нізкія значэнні верасня ў Мінску былі зафіксаваны 63 гады таму - мінус 1,4.

У сувязі з рэзкім пахаладаннем датэрмінова пачаўся абагравальны сезон. Так рана, у верасні, рашэнне уключыць батарэі было прынята ўпершыню за апошнія 20 гадоў. За 5 дзён цяпло павінна было трапіць да ўсіх спажыўцоў.

З праблемамі падключэння ацяплення можна тэлефанаваць у кантакт-цэнтр 115 і на прамую да хаус-майстроў. Атрымаць неабходную інфармацыю можна і праз анлайн-дапаможнік - чат-бот сэрвісу Мой горад.

Напрыканцы тыдня надвор'е ў сталіцы парадавала камфортнай тэмпературай. Далей у прагнозах сіноптыкаў нас чакаюць дажджлівыя, але даволі цёплыя дні.