У краіне праходзіць I нацыянальны форум "Сям'я XXI стагоддзя"

5 декабря 2017

Першыя бацькоўскія ўніверсітэты могуць з'явіцца пры школах у розных рэгіёнах краіны. З такой ініцыятывай выступіў беларускі педуніверсітэт на нацыянальным форуме "Сям'я XXI стагоддзя". Тэматыка дыскусійных пляцовак прысвечана захаванню сямейных каштоўнасцяў, узаемадзеянню сям'і і школы, сацыяльнай падтрымцы шматдзетных бацькоў. Удзельнікамі форуму сталі больш як 400 чалавек. Гэта навукоўцы, што вывучаюць дэмаграфічныя працэсы, маладыя сем'і, работнікі сацыяльнай сферы, будучыя педагогі.

Аляксандр Жук, рэктар БДПУ імя Максіма Танка:

"Наш універсітэт падрыхтаваў прапанову ў Міністэрства адукацыі аб стварэнні бацькоўскіх універсітэтаў ва ўсіх школах краіны, таму што самі бацькі падчас нашых даследаванняў, апытанняў гавораць, што ім не хапае ведаў па выхаванні дзяцей, па наладжванні гарманічных дзіцяча-бацькоўскіх адносін".

Мар'яна Шчоткіна, старшыня Беларускага саюза жанчын:

"Мы гаворым пра тое, што сёння партнёрства павінна быць у сям'і. Салідарнасць павінна быць у сям'і. Сёння неабходна ўсвядомленае бацькоўства. Сёння вельмі вялікая роля бацькі ў сям'і. Неабходна жанчыне стварыць умовы, каб яна магла прафесійна рэалізоўвацца, калі яна гэтага хоча".

Нацыянальны форум "Сям'я XXI стагоддзя" праходзіць упершыню. Яго арганізатары - педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка і Беларускі саюз жанчын.