У краіне працягваюць ліквідацыю наступстваў серыі ліпеньскіх ураганаў

12 августа 2016

У Беларусі спякота адступіла, але наступствы капрызаў непагадзі адчувальныя дагэтуль. У краіне працягваюць ліквідацыю наступстваў серыі ліпеньскіх ураганаў. Нарыхтавана каля 11 тысяч вагонаў драўніны. Гаворка ідзе аб паваленых дрэвах. На гэтыя мэты дзяржава вылучыла Мінлясгасу паўтара мільёна долараў. Пры гэтым, па ацэнцы спецыялістаў, выніковая сума расчысткі складзе 4 мільёны. Асноўныя працы зараз ідуць у Смалявіцкім і Чэрвеньскім раёне. Гэтыя рэгіёны больш за ўсё пацярпелі ад непагадзі.

Улада Карніцкая падрабязна.

Гэты сталічны двор больш за месяц таму ператварыўся ў сапраўдную паласу перашкод. Падчас урагану тут, ля дома на вуліцы Магілёўскай у Мінску, паваліла некалькі дрэў прама на пешаходныя дарожкі. Большую частку буралому работнікі камунальных служб ліквідавалі. Гэта дрэва, хоць і вырвана поўнасцю, мяркуючы па ўсім, карані пусціла надоўга.

Адразу пасля ліпеньскай непагадзі наконт гэтай перашкоды жыхары неаднаразова звярталіся ў мясцовае ЖЭУ. Сваю марудлівасць нашай здымачнай групе тут растлумачылі. Аказалася, не ўдаецца знайсці гаспадара гэтага дрэва.

Гэта дрэва - фактычна адзіны выпадак. У асноўным у горадзе камунальнікі ўжо справіліся з наступствамі цэлай серыі ліпеньскіх ураганаў.

У леснікоў працы яшчэ вельмі шмат. Яно і зразумела - тады непагадзь пашкодзіла 14 тысяч гектараў лесу па ўсёй краіне. Моцны вецер вырываў з коранем нават векавыя дрэвы.

Вось гэта зямля зараз самы эпіцэнтр працы леснікоў. У Смалявіцкім раёне ў гэтыя хвіліны працуе тэхніка, прывезеная з усёй краіны, усяго паўтысячы машын. Ужо на гэтым участку распілавана і вывезена 85 тысяч кубічных метраў драўніны, а гэта 1700 вагонаў.

Усе лясныя работы ў Беларусі ўжо даўно механізаваны - спецыяльныя машыны - харвестары - чысцяць ад галінак і распілоўваюць ствалы, форвардары акуратна збіраюць. Праўда, у гэтым выпадку праца знайшлася і для лесарубаў. Прыбіраюць якасна і хутка, каб дрэва не страціла якасць. Ужо пасля адсюль уся драўніна адпраўляецца спажыўцу.

Галоўная задача зараз акрамя, зразумела, разбору завалаў - не дапусціць ценявога выкарыстання драўніны. Таму вываз дрэва дэталёва кантралюецца. Усяго сёння ў краіне ад вырваных ветрам дрэў і буралому вычышчана амаль 2 тысячы гектараў лесу. Гэта толькі 7-я частка ад усіх наступстваў ліпеньскіх ураганаў. Значыць, працаваць леснікі будуць мінімум да зімы. Але ўжо вясной тут абяцаюць пасадзіць новы лес.