У краіне пачалося цэнтралізаванае тэсціраванне

11 июня 2019

Па-сапраўднаму актыўны і гарачы час настаў для абітурыентаў. Сёння ў краіне пачалося цэнтралізаванае тэсціраванне і прадоўжыцца яно па 10 ліпеня. Па традыцыі першы іспыт па беларускай мове. 

Калі  даведаемся вынікі і хто можа разлічваць на рэзервовы дзень? Нюансы ўступнай кампаніі  ў Вольгі Маслоўскай. 

Сёння свае веды беларускай мовы праверылі 22 тысячы чалавек - менавіта столькі абітурыентаў зарэгістраваліся на ЦТ па гэтым прадмеце. Дарэчы, трэцім па папулярнасці. Першае месца  ў рускай мовы - пазаўтра яе прыйдуць здаваць 64 тысячы чалавек. Другі радок  у матэматыкі - 42 тысячы ўжо былых школьнікаў. 

Ля ўваходу ва ўніверсітэт абітурыенты пачалі збірацца за 2 гадзіны да пачатку ЦТ. Хтосьці не можа справіцца з хваляваннем, а хтосьці толькі з цягніка - прыбыў на ЦТ з глыбінкі. 

Найстарэйшая ВНУ вобласці і краіны - ВДУ імя Машэрава - адзін з чатырох пунктаў тэсціравання ў Віцебскай вобласці. Яшчэ адзін літаральна  за 500 метраў - гэта Віцебскі тэхналагічны, і яшчэ па  адной ВНУ ў Полацку і Оршы. Геаграфія розная, у астатнім усё прыведзена да адзінага стандарту. 

Аўдыторыі падрыхтавалі напярэдадні. Ад сонечнага святла засцерагаюць жалюзі, ёсць вада, дзяжураць медыкі. Тлумачаць: стрэс ды і спякота пад 30 могуць любога выбіць з каляіны. Тэсты напярэдадні даставіла фельд’егерская служба. Ноч валізы правялі ў сейфах. 

Пропуск у аўдыторыі строга па пашпарце і пропуску, пры сабе  ручка. Тэлефоны тут па-за законам. Усе этапы ўступнай кампаніі манітораць  работнікі Камітэта дзяржаўнага кантролю: па краіне больш  за 250 спецыялістаў. 

Цэнтралізаванае тэсціраванне пройдзе з 11 чэрвеня па 10 ліпеня. Сёлета зарэгістраваліся 76 тысяч 888 абітурыентаў - на 7 % менш, чым летась. ВНУ краіны плануюць прыняць  на бюджэтную і на платную формы падрыхтоўкі  амаль 55 тысяч чалавек. 

Новаўвядзенне  гэтага года - на бюджэтнае аддзяленне нароўні з беларусамі могуць паступіць і іншаземцы, якія валодаюць адной з дзяржаўных моў нашай краіны. 

Для тых, хто па ўважлівай прычыне прапусціць асноўны дзень ЦТ (напрыклад, захварэе) прадугледжаны рэзервовыя дні тэсціравання: гэта 6, 8 і 10 ліпеня. Месца сустрэчы - БДУ. Сапраўдныя таксама сертыфікаты, атрыманыя летась.