У сталіцы выбралі Каралеву Вясну - 2013

6 апреля 2013

У рэспубліканскім фінале выступілі 16 дзяўчат, кожная ўжо пераможца сваіх адборачных этапаў. 
 


На што рабілі стаўку грацыі, якія прыярытэты расставілі журы і хто прадставіць Беларусь у міжнародным фінале - даведаўся Станіслаў Ліпскі.

Апошнія хвіліны перад стартам, як заўсёды, самыя хвалюючыя - на коне тытул Каралева Вясна Беларусі - 2013. Выступаюць 16 канкурсантак: па дзве грацыі ад кожнага рэгіёну, адразу 6 дзяўчат - ад сталіцы. Несправядлівая прапорцыя тлумачыцца проста - да ўдзелу дапускаюцца толькі студэнткі вышэйшых навучальных устаноў, у Мінску іх найбольш.

Адарваць вочы ад прыгажунь сапраўды складана. Здзіўляць плануюць. Ды вось толькі мадэльная знешнасць на гэты раз адыходзіць на другі план. Калі гледача можна падкупіць усмешкай, то суддзі ў сваіх пратаколах катэгарычныя.


Генадзь Багалейша,  член журы конкурсу Каралева Вясна - 2013: Журы будзе ацэньваць не толькі знешнасць,  але, у першую чаргу, уменне трымацца, уменне добра гаварыць, уменне паказаць сябе і самае галоўнае - уменне прадставіць годна нашу рэспубліку на міжнародным узроўні.


Закулісным гульням тут няма месца: дзясяткі рэпетыцый і агульныя праблемы - маўляў, як потым зноў вярнуцца ў звыклы рытм вучобы - аб'ядналі дзяўчат.

Інтэлектуальны нумар - гэта аснова праграмы. Хтосьці здзівіў танцавальнай пастаноўкай, хтосьці спартыўнай феерыяй, а хтосьці зносінамі з залай. У розныя гады ў конкурсе ўдзельнічалі: спявачка Вера Карэтнікава і салістка ансамбля Верасы Улада Цімафеева.

Больш за тры гадзіны выпрабаванняў - і тытул знайшоў сваю ўладальніцу. Дар'я Шманай з Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта - трыумфатар. Першая віцэ-міс - Анастасія Перавознікава. 3 мая гэтых дзяўчат чакае міжнародны конкурс, на перамогу ў якім будуць прэтэндаваць удзельніцы з блізкага і далёкага замежжа.