У сталіцы ўвядуць новыя тарыфы на вываз адходаў

5 декабря 2017

Паасобны збор смецця карысны і для экалогіі, і для кашалька. У сталіцы ўвядуць новыя тарыфы на вываз адходаў. Жыхары дамоў, дзе не карыстаюцца смеццеправодам, будуць плаціць менш. Замест прапануюць кантэйнеры для паперы, шкла або пластыку. Спецыяльныя пляцоўкі абсталёўваюць побач з жылымі дамамі. Такім чынам, жыллёва-камунальныя службы разлічваюць прыцягнуць мінчан да паасобнага збору адходаў.

Аляксандра Кавеліч прадоўжыць тэму.

Пластык, шкло, папера. З такім “багажом” Мая Бандацкая штодня здзяйсняе невялікі праменад – да спецыяльнай пляцоўкі. Робяць так і ўсе суседзі – смеццеправод у гэтай сталічнай шматпавярхоўцы заварылі два гады таму. Замест яго побач з домам з’явіліся кантэйнеры для рознага віду адходаў.

Толькі летась ад выкарыстання смеццеправода адмовіліся жыхары дзясяткаў пад'ездаў. Камунальныя службы гатовыя далучыць да экалагічных усе сталічныя дамы. Аднак такое рашэнне павінны прыняць самі жыхары.

А ў хуткім часе гэта будзе яшчэ больш выгадна. У сталіцы ўвядуць асобныя тарыфы на вываз адходаў. Жыхары тых дамоў, дзе не выкарыстоўваюць смеццеправод, будуць плаціць менш. Розніца складзе да 30 %.

Галіна Гілевіч, намеснік гендырэктара Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі: 

“Мэта – вядома павелічэнне адходаў, якія можна паўторна выкарыстаць. Тут павінна быць жаданне жыхароў і іх згода карыстацца пляцоўкай для паасобнага збору. І далей павінна быць магчымасць у камунальных служб арганізаваць гэтую пляцоўку, таму што не ўсюды ёсць месца. Ёсць варыянт, калі бакі ўсталёўваюць у камеры смеццеправода, і жыхарам выдаюць спецыяльныя чыпы”.

З дапамогай новых тарыфаў разлічваюць заахвоціць мінчан да паасобнага збору смецця. Зараз гэта робіць толькі дзясятая частка жыхароў сталіцы.

У наступным годзе ўсталююць яшчэ каля тысячы такіх кантэйнераў. Сабранае такім спосабам шкло або пластык хутка ператвараюць у новыя рэчы. Гэта дазваляе знізіць шкоднае ўздзеянне адходаў на навакольнае асяроддзе і палепшыць экалогію горада.

Пакуль у якасці другаснай сыравіны выкарыстоўваюць толькі паўпрацэнта ад агульнай колькасці смецця. А да 2020 года плануюць перапрацоўваць усе камунальныя адходы.