У сталіцы пачасціліся выпадкі нядобрасумленнай працы прадпрымальнікаў

4 октября 2013

Адразу некалькі мінчан звярнуліся ў рэдакцыю Навін рэгіёну і распавялі гісторыю, як засталіся без грошай і без новай мэблі. Як захаваць свае крэўныя і не стаць ахвярай ашуканцаў, высвятляла Антаніна Станкевіч.



Святлана не без гонару паказвае кватэру. Рамонт у новенькай двухпакаёўцы рабілі самі, а таму ганарыцца і сапраўды ёсць чым. І ўсё б добра, калі б не адна дэталь у інтэр'еры, якая кідаецца ў вочы, а дакладней, яе адсутнасць: кухні наогул няма.


Год таму Святлана знайшла ў Інтэрнэце кантакты індывідуальнага прадпрымальніка. Мужчына рабіў кухні пад заказ, улічваючы ўсе пажаданні кліентаў. Прывабіла і цана, прызнаецца жанчына, прыкладна працэнтаў на 10 ніжэйшая за астатнія прапановы на рынку. З тых часоў не ўбачыла ні новай мэблі, ні грошай. Стаміўшыся тэлефанаваць кожны дзень, жанчына падала ў суд, які адбудзецца ўжо на наступным тыдні.


У гарадскім аб'яднанні абароны правоў спажыўцоў юрысты ахвотна згадзіліся дапамагчы нашай здымачнай групе, як толькі пачулі знаёмае прозвішча. Год таму старшыня аб'яднання як раз вяла грамадзянскі судовы працэс супраць нядобрасумленнага прадпрымальніка. Тады, успамінае Дарына Гулюта, ілжэбізнесмена прымусілі заплаціць вялікі штраф, а разам з тым - і кампенсацыю кліенту. Дарэчы, наколькі вядома юрысту, грошы прадпрымальнік выплачвае дагэтуль.


Юрыст Кацярына Савановіч толькі плячыма паціскае. Прыцягнуць такіх дзеячаў па артыкуле махлярства і перавесці справу з грамадзянскай сферы ў крымінальную вельмі складана. Бо трэба даказаць, што такі прадпрымальнік з самага пачатку меў намер падмануць кліентаў. Але калі пастарацца, зрабіць гэта можна.


Мы адважыліся на невялікі эксперымент. Пад выглядам кліента Кацярына патэлефанавала мужчыне. Па-першае, высвятляем, ці возьмецца прадпрымальнік за новы заказ, нягледзячы на хуткі судовы працэс. І, па-другое, ці можна высветліць падчас размовы, што прадпрымальнік не збіраецца выконваць свае абавязкі.


Спецыялісты раяць давяраць, але правяраць. У кожнага такога прадпрымальніка павінна быць кніга скаргаў і прапаноў. Нялішнім будзе прагледзець яе. Дапамагчы можа і Інтэрнэт: калі прадпрымальнік ужо паспеў засвяціцца ў нядобрым сэнсе, пра гэта хтосьці абавязкова напіша.