У сталіцы стартуе рэформа жыллёва-камунальнай гаспадаркі

4 марта 2015

Эксперымент праходзіць у Першамайскім і Партызанскім раёнах Мінска. Якія новаўвядзенні і ў якіх сферах жыццядзейнасці плануюць укараніць камунальныя службы, і ці зможа рэформа кардынальна палепшыць якасць работ. Меркаванні спецыялістаў і жыхароў горада выслухаў Аляксей Кандраценка.

Ранняя вясна – нагода для аператыўнай уборкі дваровых тэрыторый. "Пасля зімы на зямлі нямала "пралесак", - жартуюць камунальнікі, - але такіх, ад якіх трэба пазбавіцца". Зрэшты ўборка смецця зараз не адзіная задача ЖЭСаў. Сярод прыярытэтаў - падрыхтоўка да наступнага ацяпляльнага сезона.

Сёння ўсе віды камунальных работ каардынуе і выконвае ЖРЭА. Гэта значыць, адна арганізацыя выконвае функцыі заказчыка і падрадчыка. Адзін з галоўных момантаў рэформы ЖКГ - гэтыя функцыі падзяліць. Плюс канкрэтныя віды работ будуць выконваць канкрэтныя спецыялісты.

Дарэчы, фінансавы аспект працы ЖКГ таксама істотна зменіцца.

Традыцыйныя ЖЭСы памяняюць сваё амплуа. Тры-чатыры аб'яднаюцца ў жыллёва-эксплуатацыйны ўчастак. Пры гэтым такая структура будзе працаваць па прынцыпе гаспадарчага разліка. Формула простая - колькі зарабіў, столькі і атрымаў.

А гэта значыць - гараджане дакладна зразумеюць, хто, за што і якую паслугу аплачвае. Празрыстасць ў аплаце паслуг ЖКГ - адзін з прынцыповых момантаў.

Яшчэ адно новаўвядзенне - стварэнне адзінага разлікова-даведачнага цэнтра. Ён аб'яднае ўсе 43 РДЦ ў адну сістэму з шырокім спектрам паслуг. Акрамя таго, у перспектыве з'явіцца адзіная дыспетчарская служба з нумарам 115. Яна будзе працаваць кругласутачна.

Віталь Смірноў, генеральны дырэктар ГА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка»:

"Чалавеку не трэба запамінаць шмат тэлефонаў, а ёсць адзін нумар тэлефона, па якім можна патэлефанаваць у любы час сутак. А не так, як зараз дыспетчарскія працуюць з 8 раніцы да 8 вечара. Гэта значыць, усе пытанні чалавека па адзіным нумары і далейшыя працы і кантроль будзе ажыццяўляцца па гэтай адзінай дыспетчарскай службе".