У сталіцы стартавала сусветная акцыя "30 дзён на веласіпедзе"

2 апреля 2019

Найбольшая колькасць удзельнікаў менавіта з Мінска. Традыцыйна ў першы дзень экалагічнага флешмобу веласіпедысты праехалі па галоўных вуліцах горада. 

Як далучыцца да сусветнага веларуху і якія падарункі чакаюць самых актыўных удзельнікаў - раскажа Наталля Кузьміцкая.

Такая колькасць веласіпедаў на Смалячкова, 14 а, дзе знаходзіцца галоўны офіс Мінскага велатаварыства, можа сведчыць толькі аб адным: на календары красавік, а значыць - час сусветнага велачэленджу «30 дзён на веласіпедзе».

 Апошнім часам да акцыі далучаюцца не толькі сяброўскімі кампаніямі, але сем'ямі і нават офісамі, а веласіпеды выкарыстоўваюць не толькі ў якасці спартыўнай актыўнасці ці баўлення часу.

Каб завесці веласяброўства, задаць настрой усяму чэленджу, а галоўнае - заахвоціць пакуль яшчэ пешаходаў ці вадзіцеляў далучыцца да веларуху - старт акцыі яе ўдзельнікі адзначаюць масавым велапрабегам па галоўных вуліцах сталіцы.

Каб падтрымаць энтузіязм велааматраў выконваць галоўную ўмову чэленджу, арганізатары падрыхтавалі некалькі прыемных бонусаў. Напрыклад, можна прыняць удзел у велаквэсце альбо фотаконкурсе і атрымаць фірменны гадзіннік.

Сёлета чэлендж стаў яшчэ больш мабільным.

А вось Таццяне Печань, намесніку дэкана факультэта інфармацыйных камунікацый БДУІР, адшукаць кампанію нескладана, да яе заўсёды з вялікай ахвотай далучаюцца студэнты.

Разам з імі яна сёння не толькі ўдзельнічае ў разнастайных велаакцыях і ініцыятывах, але і развівае велаінфраструктуру. Так, хутка ў ВНУ адбудзецца сустрэча па пытаннях удасканалення ўніверсітэцкіх велапарковак і гаражоў.