Шчырыя прызнанні і словы кахання. Мінск сёння на рамантычнай хвалi

14 февраля 2019

Шчырыя прызнанні і словы кахання. Дзень святога Валянціна адзначаюць сёння ва ўсім свеце. На рамантычнай хвалі і Мінск. Салодкія валянцінкі, прыгожыя букеты, а таксама рамантычныя экскурсіі і спатканні пад жывую музыку. Варыянтаў для арыгінальных прызнанняў з кожным годам становіцца ўсё больш. Як і тых, хто 14 лютага стварае новыя сем’і. У сталіцы сёння абмяняюцца заручальнымі пярсцёнкамі 120 маладых пар. Наталля Кузьміцкая - пра каханне і закаханых.

Яны старанна выразаюць ружовыя і чырвоныя маленькія сэрцайкі - урок выяўленчага мастацтва ў трэцім «А» сёння праходзіць на рамантычнай хвалі. Валянцінкі рыхтуюць для матулі, сястры, настаўніцы, сябра… Самыя смелыя - для сваіх першых дзіцячых сімпатый. Святочная пошта ў гэтай сталічнай школе працуе з самай раніцы. І кожны імкнецца хутчэй адправіць сваё прызнанне, а ўпотай, зразумела, чакае валянцінку ў адказ.

Першыя сімпатыі, закаханасць - усё родам з дзяцінства, і школьнай пары, якія часам могуць перарасці ў вялікае пачуцце. А ў пачатку 80-ых, калі пра Інтэрнэт нават яшчэ ніхто і не чуў, самым папулярным месцам для знаёмстваў у савецкай моладзі былі камсамольскія будоўлі. У маленькім пасёлку Урай, што ў Свярдлоўскай вобласці, Валянцін Даўляшэвіч і сустрэў сваю Валянціну.