У сталіцы вырашаецца лёс Асмалоўкі

16 ноября 2016

Захаваць, рэканструяваць ці цалкам перабудаваць. Зараз у сталіцы вырашаецца лёс двух невялікіх кварталаў, якія ў народзе называюць Асмалоўкай. Двухпавярховыя тыповыя дамы з саракавых, на думку гісторыкаў, выразны прыклад комплекснай гарадской забудовы сярэдзіны 20 стагоддзя. Мясцовыя жыхары дадаюць: гэта адзін з самых зялёных і зручных для жыцця раёнаў у горадзе. Аднак у горадзе сцвярджаюць: каштоўныя землі ў цэнтры сталіцы можна выкарыстоўваць больш рацыянальна.

Што рабіць з Асмалоўкай – высвятляла Антаніна Станкевіч. Андрэй Новік не ўтойвае: раён для сям'і яшчэ ў далёкім 97-ым годзе выбіраў з перспектывай пражыць там усё жыццё і пакінуць дом сваім дзецям. Аднак некалькі гадоў таму напалеонаўскія планы апынуліся пад пагрозай. Чуткі пра знос квартала усхвалявалі амаль што ўсіх жыхароў Асмалоўкі. Жыхары настроены рашуча: за свае дамы будуць змагацца да апошняга.

Спецыялісты кажуць: зношанасць дамоў дасягае 75 працэнтаў. Звонку і сапраўды некаторыя фасады выглядаюць не вельмі прэзентабельна. Аднак падмуркі – трывалыя, прастаяць яшчэ гадоў сто - упэўненыя мясцовыя жыхары. Аляксандр Сушкоў прызнаецца: прыйшлося прыкласці да гэтых сцен і рукі, і грошы. Вынікам сям'я задаволеная. Шыкоўныя кватэры з высокай столлю і тоўстымі сценамі прывабныя для жыцця.

Гісторык Іван Сацукевіч тлумачыць: назва "Асмалоўка" - гэта абсалютны наватвор 21 стагоддзя. Гістарычна гэта месца называлася Старажоўкай. Калісьці ледзь не гарадская ўскраіна, сёння гэтыя кварталы – выразны прыклад першага пасляваеннага «спальніка» - комплекснай забудовы гарадскога асяроддзя. Захаваць іх у нязменным стане, але з пэўнай рэканструкцыяй – важная задача і горада, і мясцовых жыхароў.

Мясцовыя жыхары настойваюць: Асмалоўка – выдатны помнік архітэктуры сацрэялізму. А значыць, гісторыка-культурная каштоўнасць. Пры правільнай падачы месца можа стаць вельмі цікавым не толькі для жыхароў, але і гасцей сталіцы.

У Міністэрстве культуры тлумачаць - сёння Асмалоўку можна прыраўнаваць да аб'екта гісторыка-культурнай каштоўнасці без катэгорыі. А значыць, квартал патрабуе дасканалага падыходу і частковай рэканструкцыі. Адны толькі сцены наўрад ці будуць цікавымі турыстам ці інвестарам. Таму ансамбль пабудоў усё ж такі прыйдзецца аднавіць. Відавочна, што некаторым людзям трэба будзе пераехаць, аднак квартал захаваюць. Праўда, дамам могуць надаць новую функцыю.

Зараз у Міністэрстве культуры рыхтуюць дакумент, згодна з якім квартал павінны прызнаць гісторыка-культурнай каштоўнасцю. А значыць, архітэктарам сталіцы прыйдзецца скласці новы план дэталёвай планіроўкі цэнтральнай часткі сталіцы.