У сталіцы распрацавалі праграму мадэрнізацыі старых ліфтаў

21 мая 2015

Запрацаваць яна павінна ўжо праз некалькі гадоў. Згодна з праграмай,  паступова пройдзе мадэрнізацыя дыспетчарскай службы і ліфтавага абсталявання. Пакуль жа ў горадзе замены чакаюць прыкладна 40% пад’ёмнікаў – свой тэрмін службы яны ўжо адпрацавалі. Сітуацыя пагаршаецца і тым, што з кожным годам павялічваецца колькасць крадзяжоў карысных металаў з абсталявання і выпадкаў вандалізму. Больш падрабязна – Наталля Кезік.

 

Брыгада механікаў  уручную вызваляе гараджан, калі ліфт раптоўна спыніўся паміж паверхамі. Акрамя гэтага, усе кабіны мужчыны правяраюць як мінімум раз за пяць дзён. Затым поўная тэхнічная праверка штомесяц і абавязкова тэсціраванне - раз на год. На ўчастку гэтай брыгады механікаў - амаль 300 пад’ёмнікаў.

Апошнім часам выязджаць на рамонт пад’ёмнікаў брыгадам прыходзіцца часцей. Ліфтавы парк у сталіцы старэе. Тэрмін службы ліфта – прыкладна 25 гадоў. Яго ўжо адпрацавалі прыкладна 6 з паловай тысяч кабін.

Нядаўна ў сталіцы распрацавалі праграму мадэрнізацыі старых ліфтаў. Згодна з ёй, аптымізуюць работу профільнай службы -  установяць у дыспетчарскіх лічбавае абсталяванне. Яно дазволіць вырашаць экстранныя пытанні на месцы  - без выезду брыгады.  Таксама часткова заменяць абсталяванне пад’ёмнікаў – мадэрнізацыя абыдзецца ў разы танней, чым закупка новага абсталявання.

Устаноўка аднаго ліфта ў пад’ездзе каштуе 200 мільёнаў рублёў, прыкладна ў такую ж суму абыдзецца яшчэ і падключэнне абсталявання. Усяго ў сталіцы прыкладна 40% кабін чакаюць сваёй замены.

У рамках мадэрнізацыі многія механізмы рамантуюць альбо замяняюць часткова. Сітуацыю пагаршаюць яшчэ і крадзяжы ліфтавага абсталявання. Калі летась зафіксавалі 50 выпадкаў, то сёлета – ўжо больш за 40.

Пры гэтым павялічыліся і выпадкі вандалізму. Летась цалкам спалілі дзве ліфтавыя кабіны. Часам не выратоўваюць нават металічныя кнопкі, супрацьпажарная апрацоўка кабін унутры і сістэма сігналізацыі. Пры гэтым, замена абсталявання ніяк не адбіваецца на камунальных плацяжах. Мінчане пакуль аплачваюць толькі абслугоўванне пад’ёмнікаў.