У сталіцы адбыўся чарговы кірмаш вакансій

28 апреля 2016

Знайсці працу або змяніць прафесію. У сталіцы адбыўся чарговы кірмаш вакансій. Новую работу саіскальнікам прапанавалі 80 прадпрыемстваў і арганізацый горада. Попыт на спецыялістаў рабочых прафесій зніжаецца. На кірмашы наведвальнікі маглі атрымаць кансультацыю, даведацца аб існуючых праграмах навучання, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі. Больш падрабязна Наталля Кузьміцкая.

Філіял Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі - каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і сэрвісе сёння - лідар па падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы кадраў. Былых вадзіцеляў, сантэхнікаў і нават прадаўцоў тут перавучваюць на слесараў, механікаў, аператараў і наладчыкаў станкоў – адных з самых запатрабаваных сёння спецыялістаў на рынку працы.

Навучанне доўжыцца амаль паўгода. Заключны этап – вытворчая практыка, каб ужо не ў вучэбных аўдыторыях, а ў рэальных умовах пазнаёміцца з усімі, як кажуць, тонкасцямі прафесіі.

Спіс навучэнцаў на курсы па спецыяльнасцях амаль поўнасцю фарміруюць службы занятасці. Дарэчы, для зарэгістраваных на біржы працы навучанне бясплатнае. Пазнаёміцца з усімі праграмамі дадатковай адукацыі можна было сёння, у адным месцы. На гарадскім кірмашы вакансій.

Сацыяльныя работнікі, прадаўцы, медыкі, настаўнікі – дэфіцытныя на сёння прафесіі. На кірмашы было прапанавана каля 3 тысяч вакансій. Акрамя таго, упершыню праводзіліся і кансультацыі для тых, хто жадае пачаць прадпрымальніцкую дзейнасць.

З пачатку года на сталічнай біржы працы было зарэгістравана каля 7 тысяч мінчан, ужо трэць з іх працаўладкаваліся.