У сталіцы прайшоў гістарычны фестываль Мінск старажытны

13 сентября 2014
Акунуцца ў гісторыю сёння можна было на скрыжаванні праспектаў Пераможцаў і Машэрава. Тут прайшоў гістарычны фестываль Мінск старажытны. На тэрыторыі размясціліся тры лагеры: Сярэдневякоўя, напалеонаўскай эпохі і часоў Першай і Другой сусветных войнаў. Шоу стала інтэрактыўным. Удзел прыняла і наша здымачная група.

Расказвае Аляксандра Штамплеўская.

Гавораць, хто не ведае сваёй гісторыі, у таго няма будучыні. Тыя, хто сёння прыйшоў да стэлы, за адзін дзень засвоілі курс пра амаль цэлае тысячагоддзе. Толькі тут за суседнім сталом абедаюць рыцары і гусары, а паміж пяццю стагоддзямі ўсяго пяць крокаў. Цэлы дзень эпохі змянялі адна адну. У перапынках музычная паўза. Але сёння ніякай эстрады.


Пра тое, чыё сёння свята, нагадвае кожная дэталь. Так, час адкрыцця фестывалю звязалі з годам, калі Мінск упершыню згадваецца ў летапісе. Калі лічбы 10 67 прывесці ў звыклае для нас успрыманне часу, то атрымаецца 11 гадзін 7 хвілін. Менавіта ў столькі і стартаваў турнір.


Сваё шоу арганізатары называюць інтэрактыўным. І гэта праўда. З рыцарскай шчодрасцю амаль усё можна было прымерыць, пакаштаваць і сфатаграфаваць. Хіба што пра зброю распавядалі на словах.


Кожны лагер імкнецца паказаць свой побыт максімальна рэалістычна. Акрамя поўнай амуніцыі, ёсць нават лісты з фронту і ваенная тэхніка. Не было сёння толькі аднаго - крыві воінаў. Тых, хто дзесяць стагоддзяў змагаўся за незалежнасць нашай краіны. Іх памяць ушанавалі хвілінай маўчання.


Міхаіл Мілаванаў, дырэктар ААТ Мінскія тэлевізійныя інфармацыйныя сеткі: Мы ў Год гасціннасці, чэмпіянату свету па хакеі і 70-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прапануем сёння на суд гледачоў дзесяць стагоддзяў беларускай гісторыі. Дзесяць стагоддзяў нашы продкі ішлі па шляху незалежнасці. І толькі зараз 20 апошніх гадоў мы жывём у незалежнай дзяржаве.


Міхаіл Мілаванаў, дырэктар ААТ МТІС, тут афіцыйна арганізатар. А на турніры - завадатар. Выклікае на бой усіх вольных рыцараў вось ужо тры гады запар. На гэты раз яшчэ і з розных краін. Фестываль упершыню стаў міжнародным. Цэлы дзень на полі разгортваліся рэканструкцыі ваенных дзеянняў. Але хто б сёння ні выходзіў на абарону горада, усе ўпэўненыя: у свой дзень нараджэння сталіца выстаіць.


Фестываль завершыцца позна вечарам. Прадстаўнікі ўсіх гістарычных эпох яшчэ раз аб'яднаюцца, каб паглядзець святочны, пераможны салют.