Галоўным абмежаваннем для ўдзельнікаў стаў узрост. Усе машыны - выпуску да 1970 года.
Cувязь пакаленняў аўтапрама - у сюжэце Антаніны Станкевіч. Такія аўто можна ўбачыць хутчэй у кінафільмах пра шасцідзясятыя. Ці нават пяцідзясятыя. Але часам і на вуліцах сучаснага Мінска. Яўген Курсевіч распавядае: марыў пра рарытэтны аўтамабіль даўно. А потым знайшоў сваю мару пад Віцебскам. Старэнькая Волга каштавала зусім не астранамічную суму, але тэхнічны стан быў такі, што пацыент быў хутчэй мёртвы, чым жывы, - жартуе Яўген.
А вось гэты невядомы аўтамабіль без пэўнай маркі зроблены ў Беларусі - не без гонару кажа пра яго Уладзімір Мацельскі. За два гады цуд тэхнікі сабралі з розных дэталяў. За аснову была ўсё тая Волга. Аўтамабіль, запэўнівае ўладальнік, развівае хуткасць да 150 кіламетраў за гадзіну. Але гэта не максімум, проста ў кабрыялеце нават улетку асабліва не разгонішся. Журналісцкі скептыцызм патрабуе праверыць праўдзівасць слоў. Уладзімір згаджаецца і прапаноўвае пакатаць па Кастрычніцкай плошчы самых маленькіх гледачоў. Круг гонару па Кастрычніцкай, праўда, з мінімальнай хуткасцю - пешаходная зона - даказвае: аўто і сапраўды жывое. Прыкладна два дзясяткі рэтрааўтамабіляў прыехалі ў Мінск з розных куткоў Беларусі. І ўладальнікі не без гонару кажуць пра сваіх ластавак: Не бітая, не фарбаваная - сеў і паехаў без усякіх праблем. Пасля выставы ўдзельнікаў чакае аўтазабег па горадзе і на трасе. Але спаборнічаць будуць не ў хуткасці. Галоўны крытэрый майстэрства вадзіцеляў - дакладнасць і веданне ПДР.














