У сталіцы праходзяць вучэнні па грамадзянскай абароне

26 мая 2016

Разліў нафтапрадуктаў, выбух на хімічным прадпрыемстве і нават лясны пажар... Гэта толькі некалькі сцэнарыяў, па якіх у сталіцы праходзяць вучэнні па грамадзянскай абароне. Удзел прымаюць не толькі ратавальнікі, але і іншыя службы: медыцынскія, рамонтныя і аварыйныя. Антаніна Станкевіч назірала за работай прафесіяналаў.

Гэта магло быць звычайным ДТЗ, вось толькі адзін з ўдзельнікаў кіраваў бензавозам. У выніку некалькі тон паліва выцекла прама ў Цнянскае вадасховішча. На такія выпадкі ў ратавальнікаў ёсць пэўны план дзеянняў. Узгаранне тушаць не вадой, а з дапамогай спецыяльных рэактываў.

Далей трэба лакалізаваць нафтапрадукты пры дапамозе спецыяльных прылад, каб атручальнае рэчыва не расцяклося па ўсім вадасховішчы. Пад'езд да месца здарэння перакрываюць супрацоўнікі ДАІ. Да работы падключаюцца і эколагі. Спецыялісты бяруць цэлыя тры пробы вады: непасрэдна на месцы здарэння, а таксама вышэй і ніжэй па плыні.

Але на гэтым работа экстранных службаў не скончана. Відавочцы паведамляюць пра моцны пажар у лесе. Адразу ж на месца здарэння прыбывае спецыяльная брыгада. З вышыні птушынага палёту дапамагае спецавіяцыя. 5 тон вады – менавіта такую колькасць скідвае верталёт за адзін раз – дапамагае патушыць пажар куды больш хутка.

Маштабныя вучэнні праходзяць сёння па ўсёй сталіцы. Удзел у іх прымаюць не толькі ратавальнікі, але і іншыя службы, адказныя за той ці іншы фронт работ у выпадку надзвычайных сітуацый.

Сярод сцэнарыяў, якія адпрацоўваюць сёння, – выбух на хімічным прадпрыемстве, здарэнні з рыбакамі на вадзе і іншыя надзвычайныя сітуацыі, якія ў рэальным жыцці адбываюцца заўсёды знянацку.

Такія вучэнні ў сталіцы праводзяць рэгулярна – і гэта не толькі своеасаблівая трэніроўка для экстранных службаў, але і простых людзей. Каб ведалі, да каго звяртацца па дапамогу.