У сталіцы праходзяць мерапрыемствы, прымеркаваныя да гадавіны знішчэння Мінскага гета

22 октября 2018

Сёння ў Мінску ўспамінаюць журботную дату: 75 гадоў таму было знішчана Мінскае гета. У сталіцы праходзяць памятныя мерапрыемствы. Зварот да суайчыннікаў і замежных гасцей накіраваў Прэзідэнт Беларусі.

“У гэты дзень памяці мы ўспамінаем усе вядомыя гета, усіх ахвяр нацызму, смуткуем па забітых, падзяляем гора тых, хто выжыў, але страціў родных і блізкіх. Дзякуем жыхарам Беларусі, якія, рызыкуючы сабою, ратавалі вязняў, за што ўдастоеныя высокага звання праведнікаў народаў свету. Наша зямля, дзе загінуў кожны трэці жыхар, прасякнутая слёзамі бязвінных людзей, дала новыя парасткі. Выгадавала пакаленне, якое памятае ўрокі гісторыі і беражэ мір.

Але планета зноў апускаецца ў пекла рэлігійных, міжнацыянальных і палітычных канфліктаў. Усім, хто сёння забыў або, на сваё шчасце, не ведаў гора вайны, мы не стомімся паўтараць: адзінае, за што мы павінны змагацца, - гэта жыццё чалавека. Толькі яно мае сэнс і каштоўнасць на зямлі”, - гаворыцца ў звароце Прэзідэнта.

Праграму дзён памяці сёння ў сталіцы адкрыў мітынг-рэквіем ля мемарыяльнага комплексу "Яма". Ушанаваць памяць бязвінна загінуўшых ста тысяч яўрэяў сюды прыйшлі больш за тысячу чалавек - сярод іх прадстаўнікі 36 краін. Палітыкі, дыпламаты, грамадскія дзеячы, вязні і праведнікі народаў свету. Пасля хвіліны маўчання, афіцыйных зваротаў у імя міру і дабра і памінальнай малітвы кадыш людзі ўсклалі кветкі, вянкі і камяні - сімвал вечнасці - да абеліска мемарыяла.

У гэтыя хвіліны ў памяць аб знішчаным 75 гадоў таму Мінскім гета ў Міністэрстве замежных спраў праходзіць круглы стол. Мерапрыемствы працягне вечар памяці ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі і прыём у гонар вязняў і праведнікаў народаў свету.