У сталіцы праходзіць конкурс на самую стыльную велалэдзі

9 августа 2014
Заяўкі падалі больш за сто ўдзельніц, але ў фінал выйшлі ўсяго 19 вадзіцеляў. Кожная стварала непаўторны вобраз і прыдумляла візітную картку. А самая стыльная велалэдзі атрымае новы байк у падарунак.

Надзея Сербіненка таксама паўдзельнічала ў конкурсе.

Дзевятнаццаць удзельніц. Дзевятнаццаць веласіпедаў. Дзевятнаццаць непаўторных вобразаў. Упершыню ў сталіцы праходзіць конкурс на самую стыльную велалэдзі. У сацыяльных сетках ён выклікаў сапраўдны рэзананс. Паўдзельнічаць захацелі больш за сто дзяўчат і жанчын. У іх ліку і элегантная Тамара Мірончык. У вобразе нявесты-англічанкі.

Яшчэ адна ўдзельніца, заўважная здалёк, - Алена Бартноўская. Любімы кіслотна-ружовы колер яна абрала і для свайго вобразу. Дадатковым аксэсуарам да веласіпеда сталі… туфлі.

Адна з самых сталых удзельніц пераехала ў Мінск з Рыгі. Але і на радзіме, і тут Лана не здраджвае свайму двухколаму сябру. Велавобраз вытрыманы ў бірузовых танах. Тут жа жанчына дэманструе сваё хобі - стыльныя міні-капялюшыкі з падручных матэрыялаў яна робіць сама.

Альтэрнатыўную культуру - стымпанк - дэманструе перакладчыца Вера. Яе асабістыя адносіны з веласіпедам склаліся падчас тысячакіламетровага падарожжа ў Славакію. З той пары яна амаль не расстаецца з веласіпедам.

Дарэчы, у кожнай удзельніцы - свая гісторыя, свае ўспаміны, звязаныя з двухколавымі. І для большасці гэта не проста сродак руху. А і спосаб прадэманстраваць сваю фантазію.

Кожная ўдзельніца прэзентуе сябе і свой байк перад журы. Дзяўчат ацэньваюць прафесійныя дызайнеры і стылісты. А гледачы адкрытым галасаваннем выберуць народную велалэдзі.

Самая яркая лэдзі на веласіпедзе атрымае падарунак ад спонсараў - байк. Для стварэння новых непаўторных вобразаў.