У сталіцы працягваецца падрыхтоўка да Дня горада

4 сентября 2015

Кардынальна новае афармленне горада і тэматычныя кветкавыя кампазіцыі. У сталіцы працягваецца падрыхтоўка да Дня горада. Ужо ў гэтыя дні сталічныя афарміцелі пачалі ўпрыгожваць горад сцягамі, расцяжкамі, пілонамі і аб'ёмнымі канструкцыямі. Азеляняльнікі, у сваю чаргу, зараз абнаўляюць клумбы і кветкавыя кампазіцыі. Надзея Сербіненка даведалася, у якім абліччы сустрэне Мінск свой 948 дзень нараджэння.

У цэхах галоўнага рэкламнага прадпрыемства горада зараз напружаная пара. Літаральна за тыдзень трэба надрукаваць і пашыць тысячы метраў святочных расцяжак. Пакуль велізарныя каляровыя прынтары друкуюць банеры, швачкі аблямоўваюць рознакаляровыя сцягі. Уся прадукцыя тут са святочнай сімволікай Дня горада і ў адпаведнай каляровай гаме.

Такія дэкаратыўныя элементы – пілоны – будуць устаноўлены каля Мінгарвыканкама. Даўжыня кожнага – тры метры. Іх замацуюць на металічныя апоры і паставяць на плошчы Незалежнасці.

У гэтым годзе святочнае афармленне горада кардынальна зменіцца. У дызайне будуць дамінаваць жоўты, блакітны, зялёны колеры. Да Дня горада будзе прэзентаваны і новы сімвал сталіцы - загалоўная літара М. Перад дызайнерамі стаяла складаная задача – аб’яднаць у афармленні адразу некалькі тэматычных блокаў.

Сяргей Глухаў, начальнік аддзела ДП «Мінскрэклама»: "Свята горада сёлета супала з мноствам мерапрыемстваў міжнароднага ўзроўню - гэта і фестываль па біятлоне, унікальная падзея, і паўмарафон, і перадвыбарная ідзе кампанія, архітэктурны фестываль. Усе гэтыя падзеі сканцэнтраваліся ў святочным тыдні. Таму гарадское афармленне давялося рабіць з улікам напластавання гэтых мерапрыемстваў".

Азеляняльнікі таксама рыхтуюцца да дня нараджэння сталіцы. У горадзе ўжо высаджана 300 тысяч цыбульных раслін і 2 мільёны летніх кветак. Асаблівая ўвага ў гэтым сезоне - кветкаваму афармленню ўездаў у горад, перасячэнняў буйных магістраляў і турыстычных аб’ектаў. Толькі на плошчы Незалежнасці высаджана 53 тысячы кветнікаў.

Восенню у дапамогу азеляняльнікам прыходзяць мабільныя клумбы. Кантэйнеры з кветкамі ўстанаўліваюць у людных месцах і тым, дзе праводзяцца святы.

Больш за 60 культурна-масавых мерапрыемстваў пройдзе ў Мінску ў Дзень горада. Святкаванне пачнецца 12 верасня ў 11 раніцы. Фіналам свята стане музычнае шоу-феерверк каля стэлы ў 22:00.