У сталіцы паставяць 24 навагоднія ёлкі

10 ноября 2016

У якім колеры заззяе галоўная ёлка краіны? Новы макет аздаблення навагодняга дрэва на Кастрычніцкай плошчы распрацаваны ў сталіцы. Сёлета яго ўпрыгожаць святлодынамічныя цацкі з элементамі нацыянальнага арнаменту. Такая тэхналогія ў ёлачным дэкоры прымяняецца ўпершыню – эфект «свячэння» будзе бачны нават днём. Вышыня галоўнай ёлкі краіны складзе 34 метры. Мантаж пачнецца напрыканцы лістапада.

Усяго ў сталіцы паставяць 24 навагоднія ёлкі. Новым дызайнам здзівяць святочныя дрэвы на плошчы Незалежнасці, ля Нацыянальнай бібліятэкі, Палаца спорту, "Мінск-Арэны" і "Чыжоўка-Арэны", а таксама ля гарадской ратушы.


Устаноўка металічных каркасаў ў некаторых раёнах сталіцы пачалася. Работы вядуцца ля Палаца дзяцей і моладзі, кінатэатра "Салют" і ў парку імя Паўлава. Самы час і нам пачаць рыхтавацца да сустрэчы Новага года.