У сталіцы аднавілі рух трамваяў да плошчы Мяснікова

1 сентября 2017

Цяпер і да вакзала! У сталіцы пасля двухгадовага перапынку аднавілі рух трамваяў да плошчы Мяснікова. Пасажыры могуць карыстацца маршрутамі нумар 1, 4 і 7. І ўжо сёння транспарт перайшоў на зімовы расклад руху. Аляксандр Харавец пра змены ў транспартнай сістэме сталіцы.

На працягу двух гадоў мінчане і госці сталіцы ад Камсамольскага возера, мікрараёнаў Зялёны Луг і Серабранка да чыгуначнага вакзала дабіраліся з перасадкамі. Цяпер усе нязручнасці ў мінулым. Сёння, нарэшце, аднавілі працу трамвайныя маршруты нумар 1, 4 і 7.

Пакуль на прыпыначных пунктах не так шмат пасажыраў. Усё ж мінчане яшчэ не прывыклі да новага руху трамваяў па старых маршрутах. Аднак большасць станоўча ацэньваюць змены.

Для Таццяны Кулаковай гэты маршрут стаў родным. Менавіта з плошчы Мяснікова 6 гадоў таму яна пачынала сваю прафесійную кар'еру вадзіцеля экатранспарту.

11-ы трамвайны маршрут цяпер будзе працаваць толькі ў гадзіны пік у будныя. А вось па вуліцы Кастрычніцкай трамваі пакуль курсіраваць не будуць. Тут ідзе рэканструкцыя пуці. Зрэшты, праца і трох маршрутаў да вакзала таксама пад пытаннем. Паводле слоў спецыялістаў, у наступныя паўгода іх ізноў могуць адмяніць у сувязі з рамонтам пуці.

Таксама на вуліцы Платонава ўсталявалі і новыя прыпыначныя пункты. Яны маюць новы дызайн і большую плошчу. І ў сувязі з заканчэннем адпускнога сезона грамадскага транспарту на сталічных вуліцах стала больш.

Паводле слоў спецыялістаў, гэта не апошняе павелічэнне рухомага саставу ў сталіцы. З 16 верасня і 18 кастрычніка колькасць аўтобусаў і тралейбусаў на самых загружаных маршрутах ізноў павялічыцца.