У сталіцы падвялі вынікі конкурсу «Урач года»

24 февраля 2016

Прафесіяналізм, увага і неабыякавасць – вось самыя неабходныя якасці, патрэбныя ў гэтай прафесіі. У сталіцы падвялі вынікі конкурсу «Урач года». Сярод медыцынскіх спецыялістаў вызначалі лепшага тэрапеўта, педыятра, хірурга, акушэр-гінеколага, урача агульнай практыкі.

Пераможцы будуць прадстаўляць сталічную медыцыну на рэспубліканскім прафесійным конкурсе. З самым добрым і ветлівым дзіцячым доктарам пазнаёмілася Наталля Кузьміцкая.

У гэтым аддзяленні - дзеці пераважна з хранічнымі захворваннямі суставаў. Запаленчыя працэсы ў касцявой сістэме прымушаюць маленькіх пацыентаў раз на год ляжаць у стацыянары. Так раней было і з Уладзіславам Самакутавым. Рэўматоідны артрыт затрымліваў рост хлопчыка, а маларухомасць прывяла да лішняй вагі.

Галоўнае, што цяпер хлопчык без болі можа самастойна хадзіць. І ўвогуле нічым не адрозніваецца ад сваіх аднагодкаў.

Атрымаць новае і бязбольнае лячэнне, а таксама пазбегнуць цяжкіх пабочных эфектаў ад гарманальнай тэрапіі за гэты час змаглі амаль 20 хворых дзяцей. Загадчыца аддзялення рэўматалогіі 4-ай гарадской дзіцячай бальніцы асабіста кантралюе лячэнне ўсіх пацыентаў.

Аддзяленнем рэўматалогіі Ірына Чыжэўская кіруе ўжо другі год, а ўпершыню прыйшла сюды яшчэ ў 2002. Па сумяшчальніцтве галоўны пазаштатны дзіцячы кардыярэўматолаг Міністэрства аховы здароўя і дацэнт кафедры педыятрыі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі - добры і ўважлівы доктар па імёнах ведае ўсіх сваіх маленькіх пацыентаў і заўсёды знойдзе час і словы падтрымкі для іх бацькоў.

Лепшаму педыятру Мінска складана гаварыць пра сябе і ацэньваць сваю работу. Галоўнае для Ірыны Чыжэўскай - поспехі пацыентаў і ўсмешкі дзяцей, якім вярнулі надзею на паўнавартаснае жыццё.