У сталіцы падвялі вынікі конкурсу "Настаўнік года"

30 сентября 2017

1 кастрычніка - Дзень настаўніка. З прафесійным святам педагогаў павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Сучаснае адукацыйнае асяроддзе, як жывы арганізм, пастаянна развіваецца. Укараняюцца новыя тэхналогіі і метады навучання. Нязменнымі застаюцца толькі роля і аўтарытэт педагога. Вы з гонарам выконваеце сваю важную місію. Заўсёды знаходзіцеся ў цэнтры грамадскага жыцця. Умацоўваеце ідэалагічны падмурак нашай краіны".

А напярэдадні свята падвялі вынікі конкурсу "Настаўнік года". Лепшага педагога краіны вызначыў суперфінал. Абсалютным пераможцам стала Святлана Румянцава - настаўнік беларускай мовы і літаратуры з Наваполацка. Якімі прафесійнымі сакрэтамі валодае педагог і што асабліва адзначаюць у яе працы калегі і вучні, даведвалася Марына Раманоўская.

Святлана Румянцава прымае віншаванні ад вучняў. І падстаў адразу некалькі - прафесійнае свята і перамога ў прэстыжным конкурсе. Педагог з Наваполацка стала настаўнікам года Беларусі. Хрустальны журавель, не сумняваецца пераможца, - агульная ўзнагарода вялікай каманды прафесіяналаў.

Адным з іспытаў у суперфінале стаў адкрыты ўрок. Але за партамі сядзелі не школьнікі, а ўдзельнікі конкурсу. Занятак доўжыўся ўсяго дваццаць хвілін. І за гэты кароткі час настаўніку трэба было прадэманстраваць педагагічнае майстэрства.

Прафесіяналізму, кажуць настаўнікі, у Святланы Румянцавай больш чым дастаткова. Урокі беларускай мовы і літаратуры ў Баравухскай сярэдняй школе № 15 горада Наваполацка ў топе самых цікавых. Тут лепшы настаўнік Беларусі працуе больш за дваццаць гадоў.

Любоў да прафесіі, успамінае настаўніца, у яе сэрцы запаліла маці - таксама педагог. Святлана і яшчэ дзве сястры з дзяцінства ведалі, кім стануць, калі вырастуць. Таму і сваю перамогу настаўнік года Беларусі ў першую чаргу прысвяціла матулі.

Святлана Румянцава ахвотна дзеліцца вопытам з калегамі: шмат гадоў праводзіць майстар-класы і метадычныя заняткі для настаўнікаў усёй Віцебскай вобласці. Хрустальны журавель, не сумняваюцца педагогі, заслужана аказаўся ў руках таленавітай настаўніцы.

Настаўніцкая дынастыя Румянцавых працягваецца. Дачка Святланы Леанідаўны - таксама будучы педагог. Дзяўчына вучыцца на філалагічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пятра Машэрава. І цяпер дасканала ведае, з каго не толькі ў жыцці, але і ў прафесіі будзе браць прыклад.