У сталіцы падхопліваюць сусветную тэндэнцыю рэсайклінгу

15 ноября 2017

Новая прадукцыя - з другаснай сыравіны. У сталіцы падхопліваюць сусветную тэндэнцыю рэсайклінгу і прапаноўваюць эка-падыход да навакольнага асяроддзя. Для паасобнага збору смецця ў горадзе ўсталяваны больш за 12 з паловай тысяч кантэйнераў - для шкла, пластыку і паперы.

Дарэчы, адкрыўся і новы завод па перапрацоўцы адходаў на сто тысяч тон. Пра экалагічныя ініцыятывы - Юлія Токар.

Рэсайклінг - перапрацоўка адходаў - тэндэнцыя не новая. У свеце лідарам па ўтылізацыі смецця лічыцца Швецыя - там перапрацоўваюць да 99% адходаў. Да такой лічбы імкнуцца і многія іншыя краіны.

Мінчанка Святлана разам з сябрам прапаноўваюць адмысловы экалагічны праект. Хэндмэйд-вырабы з пластыка. Ручкі, мыльніцы і талеркі маладыя людзі вырабляюць з каляровых коркаў. Напрыклад, на цацачную юлу дастаткова дзесяць міні-каўпакоў.

Экалагічная ідэя - стварэнне мануфактуры па перапрацоўцы пластыку - стала адной з лепшых на конкурсе сацыяльных праектаў. І атрымала фінансавую падтрымку.

Горад таксама падтрымлівае тэндэнцыю паасобнага збору смецця. Адкрылі новы завод па перапрацоўцы на сто тысяч тон. У дварах з'яўляецца ўсё больш спецыялізаваных каляровых кантэйнераў. Сёння іх 12 з паловай тысяч - для шкла, пластыку і паперы.

Разам з адпрацаванай паперай у «зялёны кантэйнер» трапляюць тамы Пушкіна, Драйзера, Хемінгуэя… На макулатуру іх не адпраўляюць - пасля «рэабілітацыі» зборнікам даюць другое жыццё. За час існавання ініцыятывы 35 тысяч кніг знайшлі новых чытачоў.

На прадпрыемстве макулатуру сартыруюць, ачышчаюць і перапрацоўваюць у адзіную масу. Пасля пэўных тэхнічных працэдур на гэтым спецыялізаваным абсталяванні атрымліваецца новае папяровае палатно.

Адна такая машына за суткі вырабляе 35 тысяч тон папяровага палатна. Менавіта з яго атрымліваюцца новыя сурвэткі, ручнікі. А ў Нідэрландах увогуле дзякуючы перапрацоўцы другаснай сыравіны праклалі веладарожку. Таму ад разумнага падыходу да сарціроўкі і перапрацоўкі смецця эканамічны эфект відавочны.