У сталіцы па продажы кветак працуюць 200 каларытных пляцовак

7 марта 2023

Сонечная мімоза і вытанчаныя гіяцынты, далікатныя крокусы. Фларыстычны мікс напоўніў ўсе гарадскія вуліцы. Толькі ў сталіцы, напрыклад, па продажы кветак працуюць 200 каларытных пляцовак. Хэдлайнеры вясны нязменныя - гэта цюльпаны (півонепадобныя і махрыстыя, двухколеравыя). Ружы - яшчэ адзін "класічны віншавальны трэнд". Каб бутоны распусціліся акурат да Міжнароднага жаночага дня, іх вырошчвалі ў цяпліцах. Усю палітру вясенняга букета убачыла Алена Вітко.

10 гадоў прыгажосці альбо 2,5 тысячы "духмяных" рабочых дзён. Менавіта столькі часу Таццяна Гурына прысвяціла ружоўніку ў агракамбінаце "Ждановічы". І хай у вырошчванні "каралеўскіх раслін" не без "калючых тонкасцей". Сваю місію кветкавод са стажам называе адной з самых прыгожых, каларытных і натхняльных.

Зараз у гаспадарцы Мінскага раёна больш за два квітнеючыя гектары (а гэта 160 тысяч кустоў). Далікатна-ружовыя і белыя, аксамітныя і півонепадобныя.

Рэд Наомі - самы папулярны і класічны сорт. Чырвоныя ружы займаюць каля 40 % плошчаў. Усяго ж за год у Багатырове атрымліваюць больш за 3,5 мільёна кветак.

Пасля зразання і спецыяльнай ванны ружы адпраўляюць у халадзільнік. А праз суткі - на аўтаматызаваную лінію сартавання. Тут іх размяркоўваюць у залежнасці ад даўжыні сцябла і памеру бутона. Так, штодня праз "фларыстычны канвеер" праходзіць каля 12 тысяч кветак.

Пышныя букеты адразу ж паступаюць на продаж. А напярэдадні 8 Сакавіка іх асартымент і колькасць павялічваецца ў разы. Падчас рознакаляровага і духмянага шопінгу асаблівае месца (побач з ружамі) займаюць цюльпаны.

Вытанчаныя "званочкі" ў міжсезонне вырошчваюць, напрыклад, у Барысаўскім лясгасе. Каб першацветы на "стракатым цяплічным пано" з'явіліся як раз да 8 Сакавіка - цыбуліны высадзілі яшчэ восенню. Тады падтрымлівалі тэмпературу ад плюс 5 да 9 градусаў. Паступова градус павялічылі да 18 цяпла. Падтрымлівалі таксама высокую вільготнасць. У выніку на плантацыях распусціліся больш за 20 сартоў.

Лаканічны міні-букет ці пышная кампазіцыя, кветкавая класіка альбо фэшн-мікс ад фларыстаў. Для жаночага сэрца ў першаю чаргу важна не форма і колькасць. Парадуе шчырасць і ўвага!