У сталіцы адкрылася Міжнародная выстава "Адпачынак-2017"

5 апреля 2017

Бізнес-туры, круізы і новыя турыстычныя маршруты - Міжнародная выстава "Адпачынак-2017" адкрылася некалькі гадзін таму ў сталіцы. Госці юбілейнага, 20-га форуму, могуць прама на месцы выбраць і забраніраваць тур. Акрамя таго, тут прэзентуюць і новыя маршруты па Беларусі. Спецыялісты адзначаюць рост цікавасці да ўязнога турызму, асабліва з улікам адкрытых на 5 дзён меж для іншаземцаў. Усяго на пляцоўцы БелЭкспа прэзентуюць свае магчымасці госці з 15 краін. Больш за 150 тураператараў прапануюць наведвальнікам свае навінкі.

Аляксандр Шамко, Міністр спорту і турызму Беларусі: "Сённяшні кірмаш прызначаны для таго, каб стаць добрым такім дзелавым форумам, пляцоўкай для развіцця і прыватнага бізнесу, і дзяржаўных прадпрыемстваў, якія вядуць у гэтай сферы. Турызм - гэта, перш за ўсё, эканоміка. Упэўнены, што простыя грамадзяне, якія прыйдуць гэтымі днямі на выставу, змогуць для сябе ўбачыць, змогуць падабраць для сябе нейкія хіты".

Аляксандр Цандэкідзі, дырэктар турыстычнай кампаніі: "Мы па-ранейшаму сумесна з нашымі іншымі беларускімі калегамі будзем выконваць вялізнае мноства прамых рэйсаў з Мінска на розныя курорты Грэцыі. Сёлета мы ўпершыню прапануем беларусам у практыцы двухбаковых турыстычных адносін новы прамы пералёт Мінск - Кавала".

Наведаць турвыставу і выбраць пуцёўкі можна да 8 красавіка ў БелЭкспа.