У сталіцы пачалася масавая вакцынацыя

3 октября 2017

Сёлета плануюць прышчапіць да 40 працэнтаў насельніцтва. Асабліва медыкі раяць зрабіць гэта людзям з хранічнымі захворваннямі, дарослым пасля 65 гадоў, медработнікам і фармацэўтам. Бясплатна вакцынацыю могуць прайсці школьнікі і студэнты. Дарэчы, менавіта прышчэпка лічыцца лепшым, хоць і не адзіным сродкам прафілактыкі прастуды і грыпу. Антаніна Станкевіч даведалася, як засцерагчыся ад сезонных хвароб.

Галоўны ўрач 39-й паліклінікі Вольга Ясманчык толькі выйшла на працу пасля сесіі і першай справай, пакуль ёсць некалькі хвілін, накіроўваецца ў працэдурны кабінет. Узімку, калі колькасць наведвальнікаў у паліклініцы ўзрастае, хварэць проста няма часу. Прышчапіць тут сёння гатовы не толькі работнікаў паліклінікі, але і пацыентаў. Пасля працэдуры за кожным пільна сочаць, каб пазбегнуць магчымых алергічных рэакцый.

Масавая вакцынацыя ў сталіцы пачалася і падоўжыцца да сярэдзіны лістапада. Абараніць сябе лепш менавіта ў гэты час, каб імунітэт паспеў выпрацавацца. Медыкі папярэджваюць: вакцына – не панацэя, стапрацэнтнай гарантыі ад хваробы не дае, але значна памяншае шанцы падхапіць грып ці прастуду.

Прышчэпка – не адзіны спосаб прафілактыкі. Метадыст лячэбнай фізкультуры Алеся Драздовіч як раз паказвае сваім пацыентам асновы дыхальнай гімнастыкі. Толькі на першы погляд практыкаванні нескладаныя, але іх трэба выконваць правільна, інакш яны хоць і не нашкодзяць, але і не дапамогуць. Такая гімнастыка – нядрэнная прафілактыка тых жа бранхітаў альбо пнеўманіі.

А гэта ўжо даволі смачны і, бадай што, самы лянівы спосаб прафілактыкі. Кіслародныя кактэйлі стымулююць нас змагацца з вірусамі. Бурбалкі – а па сутнасці, гэта актыўны кісларод – насычаюць арганізм чалавека, дзякуючы чаму лейкацыты пачынаюць хутчэй змагацца з вірусамі і бактэрыямі. Комплексныя меры дазволяць перажыць зіму максімальна спакойна.

Засцерагчы ад грыпу сваіх супрацоўнікаў могуць і на прадпрыемствах горада. Практыка паказвае, што робяць гэта не толькі тыя ўстановы, дзе ёсць пункты аховы здароўя. Заключыць дамову з найбліжэйшай паліклінікай таксама магчыма: урачы і медсёстры выязджаюць на месца і праводзяць вакцынацыю. Толькі на першы погляд працэдура гэта не танная, аднак, калі падлічыць, эканамічны эфект відавочны.

Дзякуючы масавай вакцынацыі летась удалося пазбегнуць эпідэміі – медыкі фіксавалі адзінкавыя выпадкі грыпу. Сёлета санітарныя ўрачы сталіцы чакаюць тры віды вірусу, і вакцына падыходзіць для барацьбы з імі. Прышчапіць плануюць да 40 працэнтаў насельніцтва, з іх 75 тых, што ў групе рызыкі, для іх вакцына бясплатная.