У сталіцы на аднаго беспрацоўнага сёння прыпадае адна вакансія

1 октября 2015

Пра гэта нам паведамілі у Камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва. Каб знайсці працу, варта карыстацца любой дапамогай, якую прапануюць у тым ліку і гарадскія службы: атрымаць новую спецыяльнасць або пазыку на адкрыццё ўласнага бізнесу. Усім, хто звернецца ў службу занятасці, знойдуць вакансію. Антаніна Станкевіч раскажа больш падрабязна.

У свой 41 год ён зноў сеў за парту. І калі ў гэтым узросце жыццё толькі пачынаецца, Дзмітрый Кавалёў вырашыў пачаць яго з новай працы. Інжынер па першай адукацыі і эканаміст па другой сёння спасцігае азы прафесіі маляра-тынкоўшчыка. Расклад просты: калі кар’ера і не атрымаецца, для мужчыны такія навыкі лішнімі дакладна не будуць.

Сярод суседзяў па аўдыторыі хапае людзей ва ўзросце. Гэта арганізаваная група ад службы занятасці. Зараз яны праходзяць паўгадавы курс перападрыхтоўкі па новай спецыяльнасці. Будучыя маляры, тынкоўшчыкі, вадзіцелі пагрузчыкаў і электрагазазваршчыкі ўпэўненыя - з новай кваліфікацыяй шанцы знайсці сваё працоўнае месца рэзка павялічваюцца.

Навучанне па запатрабаваных спецыяльнасцях – гэта толькі адзін з відаў паслуг, што аказвае гарадская служба занятасці. Ала Мытнік прафесію мяняць не хацела – вельмі сваю любіць. Паўгода таму беспрацоўная – сёння ўладальніца невялікага, але свайго касметалагічнага кабінета. Маленькі бізнес працуе як гадзіннік. Бязвыплатная і беспрацэнтная пазыка дапамагла пачаць сваю справу.

Сёння гораду патрэбны спецыялісты сферы паслуг. Не хапае ў сталіцы ўрачоў, фельдчараў, настаўнікаў, сацработнікаў і нават кіраўнікоў розных узроўняў.

Толькі з пачатку года з дапамогай спецыялістаў службы занятасці новую працу знайшлі каля 9 тысяч чалавек. Яшчэ 750 атрымалі новую спецыяльнасць і амаль 100 адкрылі сваю ўласную справу.