У сталіцы ліквідуюць незаконную рэкламу на асфальце

11 ноября 2015

Яркія аб'явы ўсё часцей мільгаюць пад нагамі, прычым большасць з іх - гэта так званы тратуарны спам. Як адзначаюць спецыялісты, такія надпісы фарбай па трафарэце пачалі наносіць на мінскіх вуліцах не так даўно і часта нелегальна.

Ужо распачалі пяць адміністрацыйных спраў у дачыненні да мінскіх суб'ектаў гаспадарання. Максімальны штраф за размяшчэнне нелегальнай рэкламы на тратуары - дзевяць мільёнаў рублёў. Пры гэтым яе аўтары абавязаны выдаліць надпісы. Зрэшты, ёсць і легальныя спосабы размяшчэння аб’яў на асфальце.

Ірына Летняк, начальнік аддзела ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама: "Усё залежыць ад таго, што за месца, дзе ён хоча гэтую рэкламу нанесці. Можна звяртацца як у ЖРЭА, так і архітэктурна-будаўнічую службу адміністрацыі раёна, для таго каб высветліць, хто ўладальнік. Затым узяць ва ўладальніка тэрыторыі пісьмова згоду. Можна таксама скласці дамову, каб прадугледзець выдаленне малюнка з гэтай зямлі".