У сталіцы і вобласці працягваецца падрыхтоўка да рэспубліканскага суботніка

18 апреля 2016

У сталіцы і вобласці працягваецца падрыхтоўка да рэспубліканскага суботніка, нагадаем, ён адбудзецца ў наступныя выхадныя. Дарэчы, падчас такіх акцый людзі не толькі наводзяць чысціню і парадак, але і дапамагаюць сацыяльным установам: бальніцам, школам, культурна-гістарычным помнікам. Сродкі, заробленыя на суботніках, пералічваюць на развіццё такіх аб'ектаў.

Антаніна Станкевіч даведалася, каму дапамаглі ўсім мірам у мінулыя гады.

У свой законны выхадны яны змянілі ўрачэбны халат на зручнае і нямаркае адзенне. Спецыялісты 39-й паліклінікі вырашылі ўпрыгожыць тэрыторыю побач - высадзіць некалькі дрэў і кустоў. І прыгожа атрымаецца, і ўтульна, і для экалогіі карысна, тлумачаць урачы.

А між тым суботнік - гэта не проста мерапрыемства па навядзенні чысціні і прыгажосці. Сродкі, якія зарабляюць у гэты дзень, як правіла, пералічваюць на развіццё сацыяльных аб'ектаў: клінік, школ, гісторыка-культурных помнікаў.

Загадчык аддзялення рэанімацыі Аксана Свірская пра кожнага маленькага пацыента гаворыць з асаблівай пяшчотай. Урачы і медсёстры кожны дзень робяць усё магчымае, каб дзеці як мага хутчэй вярнуліся да сваіх бацькоў. Летась для аддзялення як раз са сродкаў, якія сабралі на суботніку, закупілі медыцынскае абсталяванне. Апараты штучнай вентыляцыі ўжо выратавалі не адно жыццё.

Звычайна ў аддзяленні дзеці знаходзяцца ад сутак да месяца і болей у залежнасці ад стану, дыягназу і асноўных паказчыкаў жыццядзейнасці. Складаную тэхніку, якая дапамагае немаўлятам дыхаць, трэба мяняць раз на 5-7 гадоў.

Грошы, якія збяруць падчас суботніка сёлета, таксама накіруюць на развіццё сацыяльных аб'ектаў, якімі карыстаюцца ўсе. У Мінску, напрыклад, прафінансуюць аднаўленне гісторыка-культурных комплексаў і дзіцячых аздараўленчых лагераў, а ў цэнтральным рэгіёне плануюць працягнуць рэстаўрацыю мемарыяльнага комплексу "Хатынь".