У сталіцы актыўна ідзе падрыхтоўка да новага навучальнага года

12 августа 2015

Школы завяршаюць касметычны рамонт, пачынаюць працаваць і школьныя кірмашы. Праз тыдзень ля Палаца спорту расцягнуцца гандлёвыя рады на 12 тысяч квадратных метраў. На адной плошчы можна будзе набыць усё, што патрэбна вучню, – ад канцылярскіх тавараў да касцюмаў. Шопінг прапануюць сумясціць з дабрачыннасцю. Да 25 жніўня можна дапамагчы малазабяспечаным сем’ям сабраць дзяцей у школу праз дабрачынную акцыю “Партфель першакласніка”. Аляксандра Драгун прадоўжыць тэму.

 

Гэтае памяшканне быццам міні-магазін - на паліцах  сумкі, сакваяжы розных памераў, у цэнтры школьныя рукзакі. Але вырабы не для продажу – гэта эталоны, па якіх шыюць будучыя калекцыі. Да новага навучальнага года на прадпрыемстве пачалі рыхтавацца ў сакавіку. Пашылі больш за 70 мадэляў сумак і партфеляў для вучняў.

У чым вучні будуць насіць падручнікі і сшыткі, вынаходзяць тут – у творчай лабараторыі. Некаторыя спецыялісты малююць эскізы ў лічбавым фармаце, ёсць таксама і спецыяльны прыбор – дыгітайзар. Гэта своеасаблівы сканер, які перадае на манітор камп’ютара будучую мадэль.

Перш чым пусціць мадэль на масавую вытворчасць, шыюць пробны варыянт, каб ацаніць дызайн і якасць тавару. Пасля  з эксперыментальнай лабараторыі  яго накіроўваюць у швейны цэх,  каб памножыць выраб у сотні разоў.

Пастаўка партфеляў і школьных сумак з гэтага прадпрыемства пачалася ў маі. Сёння на прылаўках  больш за 50 тысяч мадэляў для вучняў рознага ўзросту. Усе адпавядаюць санітарным нормам - спінкі заплечнікаў маюць рэльефную форму і анатамічныя рамяні.

А вось якімі павінны быць школьныя касцюмы, ведаюць у гэтым гандлёвым цэнтры. Тут без цяжкасці можна апрануць хлопчыкаў. 

Для дзяўчынак гандлёвыя цэнтры прапануюць больш за паўсотню блузак з аксамітнай тасёмкай, замкамі і карункамі. Камізэлькі дапаўняюць стыльнымі рамянямі і стразамі, а сарафаны - прыемным аксесуарам – люстэркам.

Праз тыдзень ля Палаца спорту расцягнуцца гандлёвыя рады на 12 тысяч квадратных метраў. Па традыцыі тут пройдзе маштабны школьны кірмаш. На адной плошчы можна будзе набыць літаральна усё – ад канцылярскіх тавараў да касцюмаў. Адначасова з шопінгам пакупнікам прапануюць стаць сведкамі баскетбольных баталій еўрапейскага маштабу. За чэмпіёнскі трафей  тры на тры будуць змагацца спартсмены да 18 гадоў. Акрамя гэтага, да 25 жніўня можна дапамагчы малазабяспечаным сем’ям сабраць дзяцей у школу праз дабрачынную акцыю “Партфель першакласніка”. Для гэтага неабходна толькі перадаць валанцёрам канцылярскія тавары, якімі пасля напоўняць рукзакі і падораць дзецям.