У сталічных навучальных установах прагучаў апошні званок

30 мая 2018

Старшакласнікі развітваюцца са школай. У сталічных навучальных установах прагучаў апошні званок. Адно з самых галоўных школьных свят сёлета адзначаюць 10 тысяч выпускнікоў. Урачыстую лінейку яны ператвараюць у яскравае свята - на пляцоўках ля навучальных устаноў кружацца ў вальсе, ладзяць флэшмобы і, вядома, дзеляцца сваімі эмоцыямі і марамі з настаўнікамі і бацькамі.

Аляксандра Кавеліч пазнаёмілася з выпускнікамі-2018.

Яркія сукенкі і нязменны элемент касцюма - стужка "выпускніка". Гэтыя вучні 12-ай сталічнай гімназіі сёння шчыра ўсміхаюцца, але ўсё ж такі не заўсёды могуць схаваць хваляванне. Каця Цэдрык дзеліцца сваімі планамі. Прызёр гарадскіх алімпіяд па хіміі звяжа жыццё з навукай.

Дар'я Варапай - будучы юрыст, а разам з тым і майстар хіпхопу. Прызнаецца, танцавальныя трэніроўкі зараз прыйшлося паставіць на паўзу. Затое сёння прымерыла новую ролю вядучай вялікага школьнага свята.

Апошні званок сёння прагучаў ва ўсіх гімназіях і школах Мінска. Урачыстую лінейку выпускнікі разам з настаўнікамі ператвараюць у незабыўнае свята - ладзяць канцэрты і флэшмобы. У неба сімвалічна ўзлятаюць паветраныя шары.

Джазавыя кампазіцыі і гучанне ксілафона. У гімназіі-каледжы імя Ахрэмчыка навучальны год завяршаюць у звыклым, творчым фармаце. Лепшыя вучні атрымалі акрамя дыпломаў і ўзнагароды.

Сёння ва ўсіх школах і гімназіях сталіцы кружацца ў вальсе і гучаць шчырыя словы ад настаўнікаў і бацькоў. Адно з галоўных свят адзначаюць адразу 10 тысяч адзінаццацікласнікаў. Праўда, адкладваць школьныя падручнікі ім пакуль рана - у пятніцу стартуюць выпускныя экзамены.