У сталічных новабудоўлях размесцяць правілы перапланіроўкі кватэр

6 апреля 2015

У мінскіх новабудоўлях з першага мая з’явяцца інфармацыйныя стэнды з правіламі перапланіроўкі кватэр. Новаўвядзенне накіравана на прадухіленне самавольных перабудоў, а таксама іншых парушэнняў пры правядзенні рамонтна-будаўнічых работ у жылых дамах. Дарэчы, з сакавіка дзейнічаюць і новыя правілы па правядзенні рамонту ў кватэрах.

З падрабязнасцямі Аляксандр Харавец. Арцём Шуплюк заўзята расказвае аб тым, як праз паўгода будзе выглядаць яго кватэра. Ключы ад уласнага жылля маладая сям’я атрымала літаральна два тыдні таму. Рамонт вырашылі рабіць адразу. Разам з дызайнерам распрацавалі праект і вырашылі – аднапакаёўку крыху зменяць.

Аднак не ўсе навасёлы звяртаюцца па кансультацыі ў адпаведныя службы. І як вынік - перапланіроўкі робяць незаконна. Пры гэтым людзей не хвалюе нават той факт, што дзеянні па прынцыпе “сам сабе архітэктар” парушаюць сістэмы жыццезабеспячэння ўсяго дома, што можа значна знізіць яго трываласць. Пры гэтым, ужо месяц дзейнічаюць новыя правілы перапланіроўкі, якія значна спрашчаюць працэдуру атрымання дазволіў на выкананне работ у кватэры.

Напрыклад, сёння не патрэбны дазвол і распрацоўка праекта на работы па пераносе электрыкі, сістэм водазабеспячэння, каналізацыі, замене металічных дзвярэй і перасцілання падлогі.

Ужо з першага мая ў пад’ездах дамоў новабудоўляў з’явяцца інфармацыйныя стэнды аб правілах перапланіроўкі кватэр. Так, на іх прапішуць, якія змяненні можна ўносіць у праект жылля, а якія нельга. Таксама тут пазначаць кантактныя нумары жыллёвых і камунальных службаў, час правядзення рамонтных работ і адміністрацыйная адказнасць за парушэнні правілаў перапланіроўкі кватэр.

Акрамя гэтага, на стэндах навасёлы змогуць убачыць інфармацыю і аб тым, дзе можна пакідаць будаўнічае смецце. Таксама новыя правілы надрукуюць і на квітанцыях на аплату камунальных паслуг.

Калі ў кватэры зроблена самавольная перапланіроўка, узаконіць яе ўсе ж такі можна, але толькі ў тым выпадку, калі выкананыя работы адпавядаюць будаўнічым нормам. У іншым выпадку уласнікаў чакаюць штрафы і аднаўленне жылога памяшкання да першапачатковага выгляду.